Бізнес-ідэі – фарбамі і алоўкамі

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Трэці раз на Гродзеншчыне прайшоў творчы конкурс “Бізнес вачыма дзяцей”, удзельнікамі якога сталі дзеці ад 6 да 16 гадоў.

Свае смелыя праекты яны прадставілі ў выглядзе малюнкаў.

Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 1500 работ (у тым ліку 17 – юных дзятлаўчан), з якіх журы выбрала 400 фіналістаў.  Спецыяльным прызам былі адзначаны Аліна Аляксеева (сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава) і Дзіяна Луня (Новаяльнянская сярэдняя школа); аўтары астатніх работ былі адзначаны памятнымі падарункамі – кубкамі або флікерамі ўдзельніка.

Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская наведала навучальныя ўстановы, каб падзякаваць школьнікам за актыўны ўдзел і ўзнагародзіць тых, хто найлепш рэалізаваў сябе ў творчасці.

– Мэта конкурсу – папулярызацыя фінансавай граматнасці і прадпрымальніцкай дзейнасці ў дзяцей і падлеткаў. Школьнікі з вялікай цікавасцю ўключаюцца ў праект і не перастаюць здзіўляць дарослых сваімі арыгінальнымі ідэямі, нетрывіяльным поглядам на дзелавое жыццё раёна з дапамогай алоўкаў і фарбаў, – адзначыла Вольга Антонаўна. – У сваіх работах дзеці малявалі бацькоў-бізнесменаў, паказвалі, з чаго будзе пачынацца іх уласная справа, якім яны бачаць родны горад з мноствам паслугаў для яго жыхароў.

Наталля АВЯРЧУК 

Фота прадастаўлены Вольгай ЖЭЛЕЗОЎСКАЙ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga