Ахова здароўя. Медыкі Дзятлаўшчыны падвялі вынікі работы

Важнае Грамадства

У цэнтральнай раённай бальніцы прайшло пасяджэнне пашыранага медыка-санітарнага савета, на якім прааналізаваны вынікі работы за мінулы і пастаўлены задачы на гэты год.

Удзел у сустрэчы прымалі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вадзім Бялятка і галоўны доктар райЦГЭ Алена Шайбак.

Намеснік галоўнага доктара па медыцынскай часці Дзятлаўскай ЦРБ Алена Якубоўская адзначыла забеспячэнне ў 2023 годзе асноўных паказчыкаў па даступнасці медыцынскай дапамогі для насельніцтва раёна і заклікала калегаў мабілізавацца на актыўную работу па далейшым паляпшэнні яе якасці.

Падлічана, што летась аб здароўі 22 984 жыхароў раёна, 14,9 % з якіх складалі дзеці да 18 гадоў, клапаціліся спецыялісты 23 лячэбна-прафілактычных установаў: 75 дактароў, 267 – сярэдніх медыцынскіх работнікаў, 162 – малодшага персаналу, 129 – іншых. У 2024 годзе чакаюць прыбыцця доктара-афтальмолага, тэрапеўта, акушэра-гінеколага, па два – хірургі і анастазіёлагі-рэаніматолагі. 475 тысяч рублёў летась было патрачана на бягучыя рамонты, самыя буйныя аб’екты – 4 паверх цэнтральнай бальніцы і замена аконных блокаў у Гезгалаўскай бальніцы сястрынскага догляду. На капітальныя рамонты асвоена 961 тысяча рублёў, на іншыя будаўнічыя работы – 90. У 2023 годзе на Дзятлаўшчыне адзначалася зніжэнне колькасці памерлых з 512 да 456 выпадкаў, аднак і зніжэнне нараджальнасці са 175 да 144 немаўлят. Натуральнае змяншэнне насельніцтва – мінус 312 чалавек. Асноўныя прычыны смяротнасці – хваробы сістэмы кровазвароту, на другім месцы – хваробы нервовай сістэмы, на трэцім – новаўтварэнні, далей – знешнія прычыны, хваробы органаў стрававання, дыхання, старасць. Сярэдні ўзрост памерлых мужчын – 66,4 гады, жанчын – 77,3.

На жаль, як адзначыла Алена Якубоўская, Дзятлаўскі раён выйшаў у “лідары” Гродзеншчыны па выпадках анкалагічнай запушчанасці пацыентаў. Выхад з гэтай сітуацыі яна бачыць у пашырэнні дыспансерызацыі насельніцтва, больш якасным правядзенні аглядаў, шырокім інфармаванні насельніцтва аб праблеме.

Першасны выхад на інваліднасць летась склаў 214 выпадкаў, сярод працаздольных жыхароў – 87. У ліку прычын – анказахворванні, хваробы сістэмы кровазвароту, нервовай сістэмы, траўмы, іншае. Дзяцей-інвалідаў у раёне ўсяго пражывае 100 чалавек.

Па хуткую медыцынскую дапамогу ў 2023 годзе грамадзяне звярнуліся 7971 раз, брыгады выязджалі 7104 разы.

Летась дыспансерызацыі належалі 17 185 чалавек, яе завяршылі амаль 82 % ад гэтай катэгорыі.

Сярод задач на наступны год, якія ставяць перад сабой медыкі, – далейшае зніжэнне ўзроўню смяротнасці, захворванняў, павышэнне якасці медыцынскай дапамогі, актыўнае правядзенне дыспансерызацыі, укараненне інфармацыйных тэхналогій, умацаванне матэрыяльнай і медыка-тэхнічнай базы, фарміраванне ў насельніцтва здаровага ладу жыцця і іншыя.

Аб прафілактыцы інфекцыйных захворванняў у раёне, правядзенні вакцынацыі, маніторынгах санітарна-тэхнічнага стану ўстановаў аховы здароўя расказала Алена Шайбак.

Вадзім Бялятка адзначыў, што медыцына будзе падтрымлівацца, у тым ліку і за сродкі раённага бюджэту. Спыніўся на электаральнай кампаніі гэтага года, заклікаў людзей у белых халатах да асцярожных паводзінаў у сацыяльных сетках, дзе нямала дэструктыўных каналаў і лжывай інфармацыі, патлумачыў патрабаванні заканадаўства ў гэтай частцы.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне лепшых спецыялістаў граматамі і падзякамі начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Людмілы Кеда. Сярод узнагароджаных Таццяна Фралова, Алена Кучынская, Анатоль Юркевіч, Лілія Курачка, Ілона Белавус.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga