Адзіны дзень галасавання. Кожны павінен быць актыўным грамадзянінам

Важнае Улада

Менш за тры тыдні засталося да адзінага дня галасавання, які ўказам Прэзідэнта назначаны на 25 лютага 2024 года.

Напярэдадні значнай палітычнай падзеі на Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца сустрэчы кіраўніцтва раёна з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства. Дзятлаўчанам тлумачаць нюансы электаральнай кампаніі, патрабаванні заканадаўства ў плане яе бяспекі, расказваюць аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця.

З калектывам міжраённай ветэрынарнай лабараторыі сустрэліся першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка і пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго.

– Дзятлаўшчына ўпэўнена развівалася ў 2023 годзе і змагла палепшыць свае ранейшыя паказчыкі, а як вядома, па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2022 год наш раён быў занесены на Рэспубліканскую дошку гонару, – адзначыў Віталій Шулейка. – Калі звярнуцца да сельскай гаспадаркі, то валавая вытворчасць зерневых, зернебабовых культур і кукурузы летась склала 87 тысяч тон, рапсу – 29 тысяч тон, сабраны добры ўраджай цукровых буракоў, бульбы, агародніны. Можам ганарыцца і самай важнай крыніцай даходаў сельгасгаліны – вытворчасцю малака: надоена 66,6 тысячы тон, а на адну карову – 6207 літраў. Папаўняўся машынна-транспартны парк, будавалася і рамантавалася жыллё, а тэмп росту аб’ёму мантажна-будаўнічых работ перасягнуў 200 %. У вёсцы Дзянісава ўведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання, у райцэнтры завершана рэканструкцыя кацельні “Спадарожнік”, вялікі аб’ём работ выкананы па рамонце Новаяльнянскай школы, скончаны рамонт усіх паверхаў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы (у 2023 годзе праводзіліся бягучыя рамонты хірургічнага і тэрапеўтычнага аддзяленняў). І гэта далёка не ўсе дасягненні.

Звяртаючыся да наступнай тэмы Віталій Шулейка расказаў, што беларусам сёлета нележыць выбраць дэпутатаў усіх узроўняў. Кандыдаты ўжо пачалі агітацыйную кампанію. Публікацыя іх перадвыбарчых праграм і сустрэчы з выбаршчыкамі, несумненна, дазволяць лепш даведацца пра патэнцыяльных народных абраннікаў, затым зрабіць правільны выбар у адзіны дзень галасавання 25 лютага, або датэрмінова, з 20 па 24 лютага. Каб наша краіна і надалей прыгажэла і развівалася, кожны чалавек павінен быць сацыяльна актыўным і адказным грамадзянінам. Як давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Орды, Віталій Шулейка расказаў аб ранейшай палітычнай дзейнасці Міхаіла Сяргеевіча, яго праграме і тых праектах, якія кандыдат плануе рэалізаваць на Дзятлаўшчыне, ураджэнцам якой сам з’яўляецца.

– Каб урэгуляваць узаемаадносіны, чалавецтва павінна было ўстанавіць пэўныя нормы і правілы, – звярнуўся да прысутных Віталій Юрго. – Важнейшыя ўмовы існавання любой дзяржавы – гэта гарантыі грамадскай бяспекі і магчымасць рэалізацыі законных правоў грамадзян. Кожны чалавек можа выказаць сваю пазіцыю, у тым ліку за кошт удзелу ў электаральнай кампаніі, аднак нікому не дазволена парушаць закон, замахвацца на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу, бяспеку дзяржавы.

Віталій Станіслававіч падрабязна расказаў, якія дзеянні падпадаюць пад катэгорыю экстрэмісцкіх, якая адказнасць за іх і за распаўсюджанне такога роду інфармацыйнай прадукцыі. Асобна спыніўся на паводзінах у інтэрнэт-прасторы, падкрэсліў, што  актыўнасць на падобнага роду рэсурсах, лайкі, рэпосты, каментарыі, згодна з дзеючым заканадаўствам, цягнуць за сабой пакаранне. За 2023 год па лініі барацьбы з экстрэмізмам на Дзятлаўшчыне было ўзбуджана 9 крымінальных справаў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 4 чалавекі.

Напрыканцы сустрэчы работнікі ветлабараторыі мелі магчымасць задаць свае пытанні выступоўцам. Першаму намесніку старшыні райвыканкама паступіў адзін зварот па ўтрыманні дарожна-транспартнай сеткі. Ён узяты на кантроль.

 Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: