Мары збываюцца ў мэтанакіраваных

Важнае Грамадства

Па Дзятлаўшчыне прадаўжае сваё падарожжа дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. У рамках яе 5 студзеня ў гімназіі № 1 горада Дзятлава адбылася чарговая ўрачыстая сустрэча.

Уручыць падарунак паспяховаму навучэнцу Гардзею Самахвалу ад Дзятлаўскага раённага аддзялення БП “Белая Русь” прыйшла яго старшыня, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская.

– Нездарма кажуць, што мары, загаданыя пад Новы год, збываюцца, а ў мэтанакіраваных яны спаўняюцца ў любы час – адзначыла Марына Лашкоўская. – Ты вельмі хацеў трапіць на тэлевізійнае шоу-віктарыну “Я ведаю!” і стаў паўфіналістам. Спадзяюся, што паспяховым будзе і тваё фінальнае выступленне на тэлебачанні. Разам з яшчэ трыма юнымі жыхарамі нашага раёна: Ангелінай Казушчык і Паўлам Роўбам з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, Яўгенам Макарчыкам з Новаяльнянскай сярэдняй школы – ты пабываў на рэспубліканскім навагоднім мерапрыемстве для дзяцей са шматдзетных, замяшчальных і іншых сем’яў. Цудоўным дапаўненнем да ўсяго гэтага будзе карысны падарунак ад раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь”. Жадаю, каб добрых момантаў у тваім жыцці было як мага больш, поспехаў табе і новых дасягненняў.

За выхаванне Гардзея, развіццё яго здольнасцяў і талентаў, сямейнае цяпло Марына Лашкоўская шчыра падзякавала законнай прадстаўніцы гімназіста Святлане Самахвал.

У сваю чаргу Святлана Мікалаеўна выказала словы вялікай ўдзячнасці педагагічнаму калектыву гімназіі і асабіста Алене Радомскай, якая дапамагала Гардзею рыхтавацца да шоу-віктарыны “Я ведаю!”.

Гардзей падзяліўся сваімі ўражаннямі ад паездкі на рэспубліканскае навагодняе свята ў Мінск:

– На рэспубліканскай ёлцы ў Палацы Незалежнасці было вельмі цікава: шмат аніматараў, розных мультфільмаў, настольныя гульні з выйгрышамі, канцэрт, казка, танцы. Усё гэта пакінула самыя станоўчыя эмоцыі і ўспаміны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga