Іаан Кісель: “Важна берагчы тое, што маем”

Важнае Грамадства

На зімовы сезон прыпадаюць важныя хрысціянскія святы, такія як Нараджэнне Хрыстова, Абразанне Гасподняе і памяць Васілія Вялікага, Вадохрышча.

Як у гэты і іншы час жыве Дзятлаўскае благачынне і прыход сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у горадзе Дзятлаве, мы пацікавіліся ў благачыннага цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэя Іаана Кісяля. Не абышлі ўвагай і важную тэму патрыятычнага выхавання, адпаведна і ўдзелу вернікаў і духавенства ў электаральнай кампаніі 2024 года.

– Наш прыход і благачынне робяць усё магчымае, каб уносіць свой пасільны ўклад у духоўна-маральнае выхаванне насельніцтва, асабліва падрастаючага пакалення. Штотыднёва праводзім урокі для навучэнцаў гарадскіх і раённых школ. Шмат увагі надаём сацыяльнаму служэнню: наведваем малазабяспечаныя, шматдзетныя сем’і, сацыяльныя ўстановы і прытулак, аказваем падтрымку прадуктамі, адзеннем. У Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы рэгулярна для праваслаўных пацыентаў праводзім таямніцу споведзі, а ў дні святаў у пакоі для малітваў ажыццяўляем богаслужэнні. Па чарзе святары благачыння праводзяць іх і ў папраўчай калоніі-пасяленні № 26 аграгарадка Гезгалы, а таксама размаўляюць з асуджанымі, каб настаўляць іх на шлях выратавання. Так па сваіх сілах і магчымасцях благачынне спрыяе развіццю і працвітанню нашай Дзятлаўшчыны.

Варта адзначыць, што ў нас складваюцца добрыя адносіны з кіраўніцтвам раёна: усе нашы просьбы і ініцыятывы падтрымліваюцца, увасабляюцца ў жыццё. Пацвярджэнне таму – будаўніцтва 4 памятных знакаў у азнаменаванне 1035-годдзя Хрышчэння Русі, 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях і 30-годдзя Навагрудскай епархіі.

Важна, каб і надалей усё тое добрае, чаго дасягнулі агульнымі намаганнямі, захоўвалася і памнажалася, супрацоўніцтва мацнела. Калі я разважаю аб зямных законах, заўжды прыводжу за прыклад выказванне самога Хрыста: “Богу – богава, Кесару – кесарава”. Гэта значыць, на дарозе да вечнасці мы з’яўляемся грамадзянамі Айчыны зямной, адпаведна павінны захоўваць законы сваёй дзяржавы і быць актыўнымі ўдзельнікамі яе грамадскага жыцця. Людзям патрэбна разумець: каб захаваць, што маем, трэба выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю і на выбарах. На сёння ў нас ёсць нямала: добрыя ўзаемаадносіны, мірнае неба, згода ў грамадстве. Давайце будзем імкнуцца агульнымі намаганнямі, каб у нашай зямной Айчыне і надалей панавалі мір, спакой, стабільнасць.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: