Дзелавы панядзелак. На нарадзе: бяспека для дзятлаўчан; дыспансерызацыя рэальная, а не на паперы

Важнае Улада

Раніца першага працоўнага дня новага года сустрэла дзятлаўчан марозам і снегам.

Зменлівыя ўмовы надвор’я сталі тэмай для абмеркавання на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Беражыце сябе і маёмасць

З узмацненнем маразоў, як правіла, павялічваецца колькасць пажараў з-за парушэння правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення. Таксама павялічваецца колькасць уключаных у сетку электранагравальных прыбораў, а такім чынам, і нагрузка на электраправодку.

– У зімовы перыяд таксама неабходна надаваць асаблівую ўвагу стану ацяпляльных катлоў і цыркуляцыі ў іх вады, не дапускаць замярзання трубаў сістэмы ацяплення, паколькі ціск у сістэме можа падняцца да такой ступені, што адбудзецца выбух, – засяродзіў увагу прысутных начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык.

Яшчэ адна небяспека для чалавека падчас маразоў – пераахаладжэнне і абмаражэнне. Да іх схільныя ў першую чаргу дзеці і пажылыя людзі. Таму варта абмежаваць час знаходжання на вуліцы, асабліва пры ўзмацненні ветру, апранаць цёплыя і свабодныя рэчы і абутак. Абутак няслізкі, інакш траўмаў не пазбегнуць.

Святы “з аганьком”

Лікбез па правілах бяспекі ў сённяшніх умовах змяніўся падвядзеннем вынікаў святочных дзён. Пажараў і надзвычайных сітуацый на тэрыторыі раёна не было, злачынствы не зафіксаваны. Увогуле, без здарэнняў прайшлі ўсе масавыя мерапрыемствы.

– Зніжаць кантроль пакуль нельга – наперадзе праваслаўнае свята Нараджэння Хрыстова, прадаўжаюцца акцыі для дзяцей і пажылых дзятлаўчан. Тое, што ў нас усё прайшло спакойна ў навагоднюю ноч, не значыць, што можна расслабіцца. Напрыклад, у вобласці ёсць сумныя лічбы ахвяраў піратэхнікі: у руках непаўналетняга і аднаго дарослага мужчыны, абодва жыхары Гродна, узарваліся піратэхнічныя вырабы. За апошнія суткі на Гродзеншчыне адбыліся тры пажары, на якіх эвакуіраваны 7 чалавек, а за апошні тыдзень на пажарах загінулі чатыры чалавекі. Кожнаму варта праяўляць асцярожнасць і выконваць бяспечныя нормы жыццядзейнасці, каб святы не былі “з аганьком”, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Гэта не толькі анкетка

Кіраўнік раёна завастрыў увагу ўдзельнікаў нарады на пытаннях аховы працы.

– Гэта цэлая сістэма захавання жыцця, здароўя і працаздольнасці работнікаў. Не павінна быць ніякіх паслабленняў тым, хто на работу прыйшоў нецвярозым. Святы святамі, а на работу трэба выходзіць у адэкватным стане. Пашкадуе кіраўнік такога работніка – акажа “мядзведжую паслугу”, наробіць чалавек бяды і сабе, і прадпрыемству. Працоўная дысцыпліна павінна быць жорсткай, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Што датычыцца здароўя людзей. Мы шмат фінансаў укладваем у рамонт бальніц, ФАПаў у раёне, закупляем абсталяванне. Летась завяршылі рамонты аддзяленняў ЦРБ, у гэтым годзе выдзелены сродкі на рамонт Новаяльнянскай гарадской бальніцы. Аднак “начынка” не функцыянуе належным чынам. На Дзятлаўшчыне высокі ўзровень працастратаў, праблемы па раннім выяўленні анкалагічных захворванняў. Дапускаюцца выпадкі, калі дыспансерызацыя насельніцтва праводзіцца толькі на этапе анкеты, а далейшай праверкі ў вузкіх спецыялістаў няма. І яшчэ шмат падобных пытанняў.

Старшыня райвыканкама даручыў свайму намесніку Вадзіму Бялятку максімальна “ўключыцца” ў пытанні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

Ці хопіць будаўнічых рэсурсаў?

Такое напалову жартоўнае пытанне задаў Андрэй Садоўскі намесніку Дзмітрыю Баравіку, які курыруе будаўнічую галіну раёна. Як адзначыў Андрэй Уладзіміравіч, вынікі 2023 года па ўсіх сферах дзейнасці яшчэ падводзяцца і будуць агучаны на пасяджэнні райвыканкама толькі ў лютым, але ўжо сёння бачна, што ўласныя даходы бюджэту раёна за 2023 год вышэйшыя больш чым на 30 % у параўнанні з 2022 годам. Свабодныя рэшткі бюджэтных сродкаў –сродкі, якія засталіся нявыкарыстанымі па выніках выканання бюджэту за мінулы фінансавы год па стане на 1 студзеня, – будуць накіраваны, як падкрэсліў кіраўнік раёна, на рэалізацыю сацыяльна значных аб’ектаў. Лічбы ўнушальныя, планы сур’ёзныя.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: