Дабрыня праваслаўных песнапенняў

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У Лідзе прайшоў гала-канцэрт XIV міжепархіяльнага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Слава ў вышніх Богу”.

У ім прынялі ўдзел калектывы і артысты з Навагрудскай і Лідскай епархій, упершыню – канкурсанты з Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Прыемна, што сярод тых, хто выступіў у фінальным канцэрце, былі прадстаўнікі Дзятлаўскага раёна.

На сцэну вялікай залы Палаца культуры выходзілі вакальна-харавыя калектывы з установаў адукацыі, моладзевыя ансамблі, дуэты, трыа і сольныя выканаўцы. Усяго – трыццаць сем удзельнікаў. Дзятлаўшчыну прадставілі дзіцячы хор храма ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворцы вёскі Нагародавічы (настаяцель іерэй Іаан Яровіч) і настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў весцы Явар іерэй Аляксей Лаўнік.

Дзятлаўчане выканалі царкоўныя песнапенні, творы духоўнай тэматыкі, а таксама аўтарскія творы. Іерэй Аляксей Лаўнік даўно стаў ганаровым удзельнікам гала-канцэртаў фестывалю. Па-майстэрску валодаючы ігрой на гітары і маючы ўнікальны голас-барытон, выканавец заваёўвае сэрцы не толькі строгага журы. Ужо на працягу дваццаці гадоў святар піша песні. Гэтым разам ён выканаў твор, прысвечаны храму, у якім здзяйсняе служэнні.

У час узнагароджання члены журы адзначылі высокі выканальніцкі ўзровень канкурсантаў, пажадалі выканаўцам далейшых поспехаў у распаўсюджванні дабрыні, міласэрнасці, высокіх маральных якасцяў.

Ад арганізатараў фэстывалю ўдзельнікі фінальнага канцэрта атрымалі дыпломы і памятныя падарункі.

Ігар ЗІНЧАНКА