Да 105-годдзя сацыяльнай абароны Беларусі. “Няхай дабрынёй напоўніцца душа!”

Галоўнае Улада

Урачыстае мерапрыемства пад такой назвай, прымеркаванае да 105-годдзя ўтварэння органаў па працы і сацыяльнай абароне Рэспублікі Беларусь і прафесійнага свята 5 студзеня сабрала ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці работнікаў і ветэранаў галіны.Ужо ў фае гаспадароў і гасцей урачыстасці радавалі выставы творчасці ўстановаў сацсферы, каля якіх, як і ў фотазонах, можна было разам пафатаграфавацца.

Пазітыўны тон сустрэчы задалі пранікнёныя вершы і песня ад Таццяны Шостка і Сяргея Малышчыка з сімвалічнай назвай “Калі можаш дапамагчы, дапамажы”. Іх словы яшчэ раз пацвердзілі, што работнік сацыяльнай абароны – не проста прафесія, а лад жыцця людзей, якія нясуць дабро, сардэчнасць, шчырасць і дапамогу іншым.

Вядучыя ўрачыстасці Наталля Маліноўская і Анастасія Голуб нагадалі, што афіцыйны адлік сваёй гісторыі гэта запатрабаваная служба пачала з 1919 года, калі пры Часовым рабоча-сялянскім Урадзе Беларусі быў створаны Камісарыят сацыяльнага забеспячэння. Ён падтрымліваў уразлівыя катэгорыі грамадзян. Цяпер функцыі службы значна пашырыліся і ахопліваюць не толькі традыцыйнае пенсійнае забеспячэнне і сацыяльнае абслугоўванне, але і працоўныя адносіны, садзейнічанне занятасці, ахову працы. На Дзятлаўшчыне сфера прадстаўлена трыма ўстановамі, калектывы якіх прысутнічалі на ўрачыстасці, – Казлоўшчынскім псіханеўралагічным домам-інтэрнатам для састарэлых і інвалідаў, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

З прафесійным святам гэтых работнікаў павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі:

– 105 гадоў – той этап, за які поўнасцю была ацэнена значнасць вашай работы. Органы сацыяльнай абароны заўжды выконваюць самую высокую функцыю – дапамагаюць бліжнім. З нагоды прафесійнага свята дзякую за работу кіраўнікам падраздзяленняў – Алене Васкель, Таццяне Нікіпорчык, Ігару Ціхану і ўсім іх падначаленым, якія ў нашым раёне рэалізоўваюць сацыяльную палітыку дзяржавы. Няхай ваша жыццё будзе напоўнена толькі добрымі падзеямі і для вас заўжды гучаць заслужаныя словы ўдзячнасці, а мы вас падтрымаем у добрых справах.

У пацвярджэнне свайго выказвання кіраўнік раёна перадаў грашовы сертыфікат на суму 5500 рублёў на набыццё 8 веласіпедаў для сацработнікаў і ЖК-тэлевізара для Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Далей Андрэй Садоўскі прадоўжыў прыемную місію і ўручыў Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта спецыялістам Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Але Ражко і Цэнтра сацабслугоўвання Іне Жыбко і Ганне Майдабуравай. Падзячныя лісты – работнікам упраўлення Марыі Кулеш, Казлоўшчынскага дома-інтэрната – Марыне Кучынскай, Наталлі Палуянцэвіч, Таі Скрундзь, Святлане Трахімовіч, Цэнтра сацабслугоўвання – Жанне Варган, Галіне Касцюк, Таццяне Нічыпаровіч, Іне Петрукевіч, Валянціне Саламевіч, Святлане Лагуцінай, Наталлі Сачанка.

Эстафету віншаванняў прадоўжыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ганаровыя граматы райсавета ад яго атрымалі намеснік начальніка ўпраўлення Алена Навічэнкава і сацыяльная работніца Руфіна Бахар, падзячныя лісты – работнікі Цэнтра сацабслугоўвання Святлана Лагуціна і Вольга Раманенка.

Да віншаванняў далучылася начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель. Яна прачытала віншавальны адрас старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольгі Сядзельнік і перадала Ганаровую грамату камітэта работніцы Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага інтэрната Жанне Рак, падзякі камітэта – яе калегам па ўстанове Ганне Антончык і Наталлі Антончык.

Самыя шчырыя словы ўдзячнасці прагучалі на свяце на адрас ветэранаў галіны, якія шмат гадоў аддалі сістэме сацыяльнай абароны Дзятлаўшчыны, дарылі свае сілы і цеплыню сэрцаў любімай справе. Кожнаму з іх у знак пашаны былі ўручаны грашовыя сертыфікаты і кветкі ад ТАА “Ізакам”.

Падарункі ад РГА “Белая Русь” з найлепшымі пажаданнямі ўручыў работнікам сферы старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі гэтага грамадскага аб’яднання, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка. Імі былі адзначаны намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці Ірына Баравік, спецыялісты Цэнтра сацабслугоўвання Галіна Гоман, Таццяна Журко, Алена Калюцік.

Да цёплых віншаванняў далучыўся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік з узнагародамі і падарункамі для спецыяліста ўпраўлення Святланы Латушка і намесніка начальніка ўпраўлення Таццяны Дорда.

Ад раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” работнікаў галіны павіншавала яе старшыня Алена Васкель і адзначыла ўзнагародамі спецыяліста ўпраўлення Наталлю Губар і сацыяльнага работніка Аліну Самахвал.

Старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк уручыла падарункі аб’яднання работніцам Цэнтра сацабслугоўвання Таццяне Пышко, Алене Радзько, Алене Якаўчык.

Па добрай традыцыі з юбілеем службы супрацоўнікаў сферы раёна павіншавалі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Дзятлаўшчыны. Не абышлося і без падарункаў: для Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна ноутбук  набыло КСУП “Войневічы”, элемент мэблі – ДРБУ-119, харчовую прадукцыю – раённая арганізацыя ГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. .

Песенныя віншаванні і добры настрой  удзельнікам свята дарылі Ала Чарняўская, Анастасія і Віталь Крэйдзічы, Жанна Варган, Аляксандра Чарняўская, вакальная і танцавальная групы народнага хору ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”, Чэслаў Свіб.

Завяршылася сустрэча таксама на высокай ноце: артысты і прысутныя ў зале разам выканалі гімн сацыяльнай службы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga