Адчыняйце: да вас Дзед Мароз і Снягурачка!

Важнае Грамадства

Святочны настрой, пазітыў і прыемныя сустрэчы прадаўжае дарыць беларусам старэйшага пакалення рэспубліканскі марафон дабра – акцыя “Ад усёй душы”.

У рамках яе лепшыя моладзевыя традыцыі клопату аб старэйшых падтрымалі Дзятлаўскія раённыя арганізацыі ГА “БРСМ” і “БРПА”.

Разам з членамі моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў і піянерамі старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка ў касцюме Снягурачкі і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык у касцюме Дзеда Мароза накіраваліся па адрасах ветэранаў піянерскага і камсамольскага руху, якія жывуць у райцэнтры.

У рамках акцыі госці завіталі да Ганны Скрундзь, Галіны Баковіч, Людмілы Халопік, Галіны Чура, Яўгеніі Савань, Ганны Ціхан.

Людзі “сярэбранага ўзросту” атрымалі ад моладзі салодкія падарункі і сувеніры, але галоўнымі былі, вядома ж, святочны сюрпрыз, бо гаспадары не чакалі ўбачыць на сваім парозе навагодніх герояў, шчырыя віншаванні і цёплая атмасфера.

Для ветэранаў працы моладзь падрыхтавала невялікую забаўляльную праграму, каб кожны з іх акунуўся ў атмасферу свята. Мудрым людзям дарылі шары з пажаданнямі, а са Снягурачкінай рукавічкі яны выцягвалі для сябе шчаслівыя прадказанні на 2024 год, не абышлося і без карагодаў, навагодніх песень.

– Прыемна, што адносіны малодшага і старэйшага пакаленняў беларусаў будуюцца на ўзаемапавазе, што ў нашай краіне падтрымліваюцца лепшыя традыцыі піянерыі і камсамолу, пераемнікамі якіх з’яўляюцца грамадскія аб’яднанні “БРПА” і БРСМ”, – адзначыла Ірына Мішчанка. – Мы са школьнікамі з задавальненнем далучыліся да дабрачыннай акцыі, не толькі падарылі радасць іншым, але і самі атрымалі шмат пазітыву, бо рабіць дабро прыемна.

– У любым узросце кожны з нас чакае цуд, – зазначыла Кацярына Хілімончык. – Выдатна, калі гэтыя чаканні мы можам спраўдзіць і стаць для старэйшых сяброў добрымі чараўнікамі. Нашы ветэраны былі ў захапленні ад сустрэч. Мы часта іх запрашаем на моладзевыя святы і мерапрыемствы, каб дзяліліся з падрастаючым пакаленнем сваімі ведамі, вопытам, успамінамі. На гэты ж раз самі з задавальненнем падарылі ім па-дамашняму цёплае свята з прыемнымі сюрпрызамі ад усёй душы.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі арганізатараў акцыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga