Выбары будуць праходзіць па новых правілах

Важнае Улада

На Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца сустрэчы з кіраўніцтвам раёна па тлумачэнні працоўным калектывам і насельніцтву па месцы жыхарства асаблівасцяў электаральнай кампаніі-2024 і вынікаў сёлетняга сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.

Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вольга Рагачова выступілі перад калектывам ДРБУ-119.

– Наш раён стабільна развіваецца, – адзначыў Дзмітрый Баравік. – У студзені-верасні 2023 года забяспечана прыбытковая работа камунальных сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемстваў і адкрытых акцыянерных таварыстваў, ад рэалізацыі прадукцыі, работаў і паслугаў сельгасарганізацыямі атрымана 9 мільёнаў 712 тысяч рублёў прыбытку. Аб’ём рознічнага тавараабароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі па раёне – 82 мільёны 451 тысяча рублёў, што вышэй за планавы паказчык. Прыцягнута 81 мільён 967 тысяч рублёў інвестыцый у асноўны капітал, тэмп іх росту 130,6 %. Выкананы вялікія аб’ёмы будаўніча-мантажных і падрадных работ, што вы бачыце і па сваёй арганізацыі. У эксплуатацыю за справаздачны перыяд уведзена 1467 квадратных метраў жылля – ужо выканана гадавое заданне. Паказчык па грузаабароце таксама вышэйшы за планавы. Выкананы мінімальны нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара раёна. Галіна адукацыі прафінансавана на 16 мільёнаў 20 тысяч рублёў. Запланаваны закуп аднаго школьнага аўтобуса і адной машыны хуткай дапамогі.

– Мы набліжаемся да электаральнай кампаніі, якая будзе асаблівай, бо пройдзе па новых правілах, – расказала Вольга Рагачова. – Будзем выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8 склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў 29 склікання. Адзіны дзень галасавання – 25 лютага. Не пазней за 18 красавіка 2024 года будзе сфарміраваны і Усебеларускі народны сход шляхам вылучэння дэлегатаў ад заканадаўчай, выканаўчай, судовай улады, мясцовых Саветаў дэпутатаў, грамадзянскай супольнасці, таксама яго дэлегатам будзе Прэзідэнт.

Увагу прысутных Вольга Рагачова засяродзіла на тым, што для галасавання на выбарах 2024 года выбаршчыкі нашага горада атрымаюць 3 бюлетэні, а сельскай мясцовасці раёна – 4 бюлетэні. Спынілася яна і на іншых нюансах, а таксама расказала, што падрабязную інфармацыю аб электаральнай кампаніі-2024 можна знайсці на сайтах Цэнтральнай выбарчай камісіі, райвыканкама, газеты “Перамога”, а на сайтах усіх арганізацый ёсць актыўная спасылка “Адзіны дзень галасавання”, праз якую можна трапіць на сайт выканкама, дзе ёсць прамая спасылка на сайт Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Ірына СТЫРНІК      

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: