Поспех “сонечнай” дзяўчынкі з Казлоўшчыны

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У рамках акцыі “Розныя = Роўныя” ў Гродне прайшло мерапрыемства для асаблівых дзяцей Прынёмання, якія дасягнулі высокіх вынікаў у розных відах дзейнасці.

Адной з яго ўдзельніц была навучэнка Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Анастасія Цяцерына.

З самага нараджэння, нягледзячы на асаблівасці псіхафізічнага развіцця, дзяўчынка актыўна вывучае навакольны свет, праяўляе цікавасць да творчасці. Гэта не дзіўна, бо творчыя здольнасці ёй перадаліся ад маці Ірыны Цяцерынай, якая займаецца рукадзеллем: вырабляе кветкі, заколкі, упрыгажэнні, аксэсуары для дома.

Шмат маляваць Насця пачала ў малодшых класах карэкцыйнага цэнтра. Найбольшую цікавасць дзяўчынка праяўляе да пейзажаў і архітэктурных пабудоваў. У 2022 годзе работу Анастасіі Цяцерынай “Домікі рамеснікаў у Дзятлаве” на VII Міжнародным фестывалі мастацтваў #BYFEST адзначылі дыпломам лаўрэата III ступені.

Выніковым стаў і ўдзел дзяўчынкі ў рэспубліканскім конкурсе выяўленчага мастацтва, прысвечаным Году гістарычнай памяці “Свет маімі вачамі”: у намінацыі “Жывапіс” Анастасія заваявала дыплом I ступені.

Акрамя малявання, Насця захапляецца музыкай і танцамі. Разам з матуляй яна паўдзельнічала ў раённым конкурсе “Няхай заўсёды будзе сонца”. А сумесна з навучэнцамі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава і сваімі аднакласнікамі выступіла на абласным этапе XIII рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”, дзе дзятлаўчане былі ўзнагароджаны двума дыпломамі: І ступені ў намінацыі “Аркестравы жанр”; ІІІ ступені ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”. Вызначылася наша юная зямлячка і ў інклюзіўным мерапрыемстве па развіцці рухальнай актыўнасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Стартуем разам”.

Кожны з удзельнікаў святочнага мерапрыемства ў горадзе Гродне атрымаў на памяць кнігу “Гісторыя поспеху” і запрашальны білет на наведванне заапарка.

Будзем спадзявацца, што гісторыя Анастасіі Цяцерынай паслужыць прыкладам і для іншых. Ведайце: нішто не можа перашкодзіць дасягнуць жаданага, калі ёсць вера ў свае сілы і падтрымка блізкіх людзей.

Таццяна МАЛАЕД, Алена ЁДА,
педагогі Дзятлаўскага раённага ЦКРНіР

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: