Добры старт у Год якасці

Галоўнае Улада

На Дзятлаўшчыне ўрачыста адкрылі новы малочнатаварны комплекс “Засецце-2” на 777 кароў.

У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”, СГФ “АграМілк”, прадстаўнікі фірмы-падрадчыка “Лідская ПМК-169”, работнікі комплексу.

Дырэктар РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” Вадзім Худык узгадаў вялікі шлях, які зрабілі будаўнікі і работнікі гаспадаркі, набліжаючы гэты адметны дзень:

– Малочнатаварны комплекс “Засецце-2” – важны для нас праект, работы па якім былі распачаты два гады таму з мэтай павялічыць аб’ёмы вытворчасці і якасць малака. Гэты высокатэхналагічны комплекс, які стаў сучаснай альтэрнатывай лінейных ферм, дае новы мікраклімат для ўтрымання жывёлы, новыя рабочыя месцы з камфортнымі ўмовамі працы. Ён дазволіць выконваць тыя задачы, якія сёння ставіць перад намі дзяржава, адна з найбліжэйшых – атрыманне надою звыш 7 тысяч літраў малака ў год на адну ўмоўную галаву. Хачу выказаць шчырыя словы ўдзячнасці кіраўніцтву райвыканкама за аказаныя садзеянне і падтрымку ў працэсе будаўніцтва. Хачу падзякаваць будаўнічай арганізацыі, якая своечасова і якасна выканала работы, прапісаныя дагаварнымі абавязацельствамі; кіраўніцтву і калектыву СГФ “АграМілк”, якія паступова наладжвалі працэс і ўжо сёння пачынаюць работу ў поўным сельскагаспадарчым цыкле. Шчыра віншую ўсіх з адкрыццём. У добры шлях!

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі павіншаваў калектыў філіяла са знакавай падзеяй:

– Сённяшняе мерапрыемства – важнае як для раёна, так і для самой гаспадаркі. Чатыры гады таму нават уявіць было складана, што на месцы састарэлых ферм мы атрымаем магутную малочную вытворчасць, сцэнтрыраваную на двух малочнатаварных комплексах. З упэўненасцю можна сказаць, што выканана даручэнне Прэзідэнта пераўвасобіць нізкаэфектыўныя лінейныя фермы мадэрнізіраваць у сучасныя комплексы. СГФ “АграМілк” адным з першых удалося рэалізаваць гэту задачу. Сімвалічна, што гэты важны аб’ект уводзіцца ў эксплуатацыю ў Год якасці, комплекс пабудаваны па ўсіх сучасных патрабаваннях і адпавядае стандартам якасці: да выбару тэхналогій тут падышлі не толькі з гаспадарскім стаўленнем, але і з душой, з разлікам на перспектыву. Дзякуй кіраўніцтву  РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” за тое, што ствараюць на Дзятлаўшчыне не толькі спрыяльныя ўмовы для развіцця жывёлагадоўлі, але і найперш – для людзей, якія працуюць на прадпрыемстве.

Галоўны інжынер Лідскай ПМК-169 Дзмітрый Пачобут ад імя будаўнікоў павіншаваў удзельнікаў урачыстасці з паспяховай рэалізацыяй праекта і ўрачыстым днём уго акрыцця:

– Шлях да гэтай падзеі не быў простым, але складанасці паспяхова вырашаны ў працэсе сумеснай работы з заказчыкам і кіраўніцтвам раёна. Аб’ект уведзены ў эксплуатацыю ў належны тэрмін, ён атрымаўся якасным і надзейным. Жадаю вашай арганізацыі матэрыяльнага дастатку, росквіту, стабільнасці, – адзначыў Дзмітрый Аляксандравіч.

Ён уручыў сімвалічны ключ ад новабудоўлі дырэктару СГФ “АграМілк” Аляксандру Грынкевічу.

Надзвычай рады і самі работнікі комплексу. Сваімі эмоцыямі падзялілася загадчыца МТК “Засецце-2” Вікторыя Шымук:

– Я працую ў гэтай гаспадарцы каля 15 гадоў, але такога яшчэ не бачыла! На комплексе створаны ўсе ўмовы для атрымання прадукцыі высокай якасці: сучасная вентыляцыя, асвятленне, гідразмыў у даільнай зале і сучаснае абсталяванне, якое палягчае работу. Адна з важных навінак – надоенае малако паступае з даільнай залы ў малочны блок ужо ахалоджаным. Усё тут камфортна для работнікаў: бытавыя памяшканні, кухня, індывідуальныя шкафчыкі для спецадзення, душавыя, ёсць нават сушылка для абутку. Плённай працы спрыяе тое, што ў нас падабраўся сумленны, працавіты калектыў. З такім прыемна працаваць і можна вырашаць любыя пастаўленыя задачы.

Кульмінацыяй мерапрыемства стала перарэзванне чырвонай стужкі і запуск у неба зялёна-чырвоных шароў як сімвала добрага пачынання, пасля чаго арганізатары і госці мерапрыемства пазнаёміліся з работай комплексу.

МТК “Засецце-2” пяты сучасны комплекс на Дзятлаўшчыне. Ён дазволіў палепшыць умовы ўтрымання жывёлы, нарасціць аб’ёмы вытворчасці, а значыць, павысіць паказчыкі работы гаспадаркі.

Комплекс “Засецце-2” запускаўся ў два этапы. Напрыканцы 2023 года быў уведзены малочна-даільны блок і першы кароўнік, сюды запусцілі першых жыхароў і адпрацавалі работу ўсіх механізмаў у тэставым рэжыме. У 2024 годзе комплекс адкрыўся цалкам.

Як адзначылі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, у цяперашні час на аб’яднаным комплексе “Засецце” размешчаны 947 галоў дойнага статку, 438 – у двух новых залах, пагалоўе сфарміравана на аснове фермаў гаспадаркі “Хадзяўляны” і “Засецце”, у далейшым плануецца яго павелічэнне. Прадаўжаецца перыяд адаптацыі жывёлы да новых умоваў бяспрывязнага знаходжання.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: