Падводзім вынікі, будуем планы

Важнае Улада

Тэмы ўзаконьвання зямлі, планаў і інвестыцыйных праектаў наступнага года, акцыі “Нашы дзеці”, бяспекі ў час святочных масавых мерапрыемстваў і іншыя гучалі на штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

“Землі-брошанкі” і самавольны захоп

– Безгаспадарнай зямлі не павінна быць, – заўважыў кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі ў размове пра праведзеную суцэльную рэспубліканскую інвентарызацыю тэрыторый, у выніку якой выяўлены факты самавольнага захопу зямельных участкаў і наяўнасць вызваленых земляў, у тым ліку і на Дзятлаўшчыне.

З мэтай узаконьвання “самаволак” землеўпарадкавальнай службай райвыканкама грамадзянам накіраваны адпаведныя паведамленні, у якіх вызначаны ўмовы і заканадаўча ўстаноўлены тэрмін для магчымасці ўзаконьвання – да 1 верасня 2025 года.

Што датычыцца вызваленых земляў, усяго на тэрыторыі раёна 700 такіх участкаў, напачатку 2024 года яны будуць перададзены сельскагаспадарчым прадпрыемствам па прынцыпе мяжуючых з угоддзямі для перспектывы ўвядзення ў сельгасабарот.

– Зямля – гэта асноўны рэсурс, які знаходзіцца пад кантролем дзяржавы, – дадаў Андрэй Уладзіміравіч і нацэліў землеўпарадкавальную службу на больш актыўнае заахвочванне дзятлаўчан прывесці ў належнае заканадаўчае русла ўсе выяўленыя праблемныя пытанні.

Не дадавайце клопату службам аператыўнага рэагавання

На нарадзе абмеркавалі папярэджанне тыповых прычын святочных інцыдэнтаў.

Па-першае, колькі выпіць і як сябе паводзіць на карпаратывах і ў святы, а іх наперадзе нямала, зразумела, кожны дзятлаўчанін будзе вырашаць сам. Толькі трэба памятаць, што праваахоўнікі зробяць усё магчымае для арганізацыі бяспекі ў час правядзення масавых мерапрыемстваў.

Па-другое, ратаўнікі таксама будуць несці ўзмоцнены рэжым службы, і каб не папоўніць лічбы іх сумнай статыстыкі, не варта забываць пра своечасова прапаленыя печы і зачыненыя засланкі. А яшчэ – паклапаціцеся, каб святочныя агеньчыкі на вокнах і ёлках не ператварыліся ў крэсіва, набывайце сертыфікаваную электрычную ілюмінацыю, феерверкі ж “запускайце” толькі на вуліцы.

Ці захаваецца стабільнасць?

Аддзел эканомікі райвыканкама паступова займаецца прагназаваннем фінансавага становішча раёна ў наступным годзе. Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, у бліжэйшы час у арганізацыі і на прадпрыемствы будуць накіраваны запыты па планах на 2024 год. Гэта дазволіць своечасова прасачыць эканамічныя магчымасці праз эфектыўнасць будучай дзейнасці ўсіх структур.

Таксама зараз надзелена ўвага пераднавагодняму гандлю. Спецыялісты правяраюць асартымент прадукцыі не толькі ў гарадскіх магазінах, але і ў вясковых, аўталаўках. Ёсць прапанова забяспечыць гандаль для жыхароў аддаленых населеных пунктаў гатовай прадукцыяй кулінарыі і паўфабрыкатамі напярэдадні святаў.

Іншыя тэмы коратка

Прычыны падзяжу буйной рагатай жывёлы ў сельгаспрадпрыемствах Дзятлаўшчыны – на кантролі ў раённай пракуратуры. Заўвагі па адсутнасці кадравай падмены, гаспадарчых недахопах прагучалі ад пракурора раёна Віталія Юрго.

****

13 снежня ў Трахімавічах, Дубароўшчыне, Дубраўцы, Вялікай Воле, Гарадках пройдуць памятныя мітынгі, прысвечаныя чарговай гадавіне трагедыі спаленых вёсак Дзятлаўскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

****

15 снежня ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбудзецца ўрачыстае адкрыццё акцыі “Нашы дзеці”.

****

Таксама 15 снежня ў Дзятлаве “запаліць” агні галоўная навагодняя ёлка. Анонс мерапрыемства чытайце на 8 старонцы газеты.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: