Нельга дзяліць народы на “вышэйшыя” і “другасныя”

Важнае Грамадства

9 снежня – Міжнародны дзень памяці ахвяраў генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства.

Ён быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у верасні 2015 года. Дата невыпадковая: менавіта  9 снежня 1948 года была прынята Канвенцыя аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго. Усе 193 дзяржавы, якія аднагалосна прынялі Канвенцыю, пацвердзілі, што кожная краіна нясе асабістую адказнасць за абарону свайго насельніцтва ад генацыду, а таксама павінна прадухіляць падобныя злачынствы і заклікі да іх.

Напярэдадні памятнай даты ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшла чарговая тэматычная сустрэча ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Праект гэты ініцыіраваны Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь для азнаямлення суайчыннікаў з новымі фактамі следства і захавання гістарычнай памяці.

Удзельнікамі сустрэчы былі памочнік пракурора Дзятлаўскага раёна Ірына Забеліна, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Марына Абрамчык, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Станіслаў Балабанскі, моладзь, педагогі, прадстаўнікі працоўных калектываў, дзятлаўчане.

Загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Святлана Магера і бібліёграф Марына Крупіца расказалі, што для Беларусі Вялікая Айчынная вайна стала планамерным знішчэннем народа. Дзятлаўшчына не стала выключэннем. Асабліва трагічным для нашага раёна выдаўся снежань 1942 года, калі праходзіла карная аперацыя “Гамбург” па знішчэнні партызанскіх лагераў у лясных масівах Ліпічанскай пушчы і насельніцтва навакольных вёсак, якое падтрымлівала партызан. Вядучыя зрабілі экскурс у мінулае і расказалі аб спальванні карнікамі жыхароў вёсак Вялікая Воля, Дубраўка, Трахімавічы, Гарадкі, Дубароўшчына.

Станіслаў Балабанскі звярнуўся да трагедыі яўрэйскага насельніцтва Дзятлаўшчыны ў часы ваеннага ліхалецця, расказаў, дзе на тэрыторыі раёна былі створаны гета, у якіх цяжкіх умовах існавалі іх насельнікі, як яны былі знішчаны нацыстамі.

Як вывучаюцца і адлічбоўваюцца архіўныя справы, ідзе расследаванне, выяўляюцца ўсё новыя факты ваенных злачынстваў, патлумачыла намеснік пракурора Ірына Забеліна. Яна адзначыла, што ўстаноўленыя ў выніку такой работы пахаванні “ўскрываюцца” сіламі 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна, даследуюцца, затым ажыццяўляецца ўвекавечанне гэтых месцаў і імёнаў загінулых. Яна выказала думку аб тым, што пракурорскіх работнікаў чакае яшчэ нямала невядомых фактаў.

Ірына СТЫРНІК      

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: