Галоўнае – верыць, і цуды збудуцца

Важнае Грамадства

У вялікіх і маленькіх гарадах запальваюцца ёлкі, ззяюць агеньчыкамі вітрыны і вокны дамоў – і кожнаму хочацца верыць у навагоднія цуды.

Па добрай традыцыі напярэдадні зімовых святаў сваімі жаданнямі і сакрэтамі з раённай газетай “Перамога” дзеляцца дзеці, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю і знаходзяцца ў прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава. Безумоўна, спецыялісты цэнтра і службаў прафілактыкі стараюцца, каб святы ў іх выхаванцаў прайшлі шчасліва і на пазітыве. Не будуць яны абдзелены ўвагай раённага кіраўніцтва і старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, актывістаў прафсаюзных і грамадскіх аб’яднанняў. Аднак падарыць часцінку свайго цяпла, стаць для дзяцей навагоднім чараўніком можа любы жадаючы.

– Нашы супрацоўнікі нацэлены на стварэнне спрыяльных і максімальна набліжаных да дамашніх умоваў для выхаванцаў, – расказала дырэктар цэнтра Кацярына Ляўкевіч. – Кожны спецыяліст і педагог жыве жыццём хлопчыкаў і дзяўчынак. Напярэдадні Новага года мы максімальна ствараем для іх святочны настрой, даём магчымасць паверыць у цуд і Дзеда Мароза. Нашы выхаванцы ўжо напісалі для яго свае лісты з пажаданнямі. Кожны з дзяцей абавязкова атрымае падарунак, аб якім марыў, таму мы вельмі ўдзячны неабыякавым людзям, якія дзеляцца цяплом сваіх сэрцаў і спраўджваюць жаданні непаўналетніх. Нашы дзеці кожны год адчуваюць клопат дарослых і, нягледзячы ні на што, застаюцца шчаслівымі ў гэтыя святочныя дні.

Калі і вы жадаеце дапамагчы выхаванцам нашага цэнтра, падарыць ім хвіліны радасці, то можаце перадаць ва ўстанову мастацкую літаратуру для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, каб кожны вечар дзеці маглі верыць у казку і чытаць яе разам з выхавальнікамі. Будуць дарэчы футбольныя і баскетбольныя мячы для актыўных гульняў, рукзакі для школы і дарожныя сумкі для паездак на аздараўленне, канцылярскія тавары, фарбы, альбомы, каляровая папера.

Расказалі пра падрыхтоўку да святаў і свае лісты-просьбы да Дзеда Мароза і самі дзеці.

Максім, 8 гадоў:

– Люблю Новы год за падарункі, за ёлку, за святочныя карагоды. Ужо вывучыў верш, які буду расказваць, засталося крыху паўтарыць. У Дзеда Мароза я папрасіў цацачныя піяніна і пісталет з кулькамі, а таксама машынку на пульце, але больш за ўсё хачу вярнуцца дахаты. Калі б сам мог стаць навагоднім чараўніком, абавязкова выконваў бы добрыя мары дзяцей. Усім, каго ведаю, жадаю да святаў добрага настрою і каб сябравалі, не сварыліся.

Максім, 12 гадоў:

– Зімовыя святы люблю за салюты і феерверкі, шматлікія віншаванні, весялосць. Звычайна пад Новы год з мамай мы ўпрыгожваем ёлку, калі ў мяне добры настрой, дапамагаю ёй з уборкай. Тут мы таксама разам з сябрамі і выхавальнікамі ўпрыгожылі пакоі, паставілі ёлачку. Дзеду Марозу напісаў, што мару пра бесправадныя навушнікі, паўэрбанк і футбольны мяч. Сам, паколькі добра майструю з паперы, зрабіў для хлопчыкаў шаблі з ножнамі, нават крыху вучымся фехтаваць. Вельмі хочацца, каб ва ўсіх быў цудоўны настрой, збываліся жаданні, каб мама і тата нас любілі і забралі дахаты, каб мы заўжды былі разам.

Улад, 13 гадоў:

– Безумоўна, як і іншыя дзеці, я чакаю Новы год, тым больш што пасля яго ў мяне дзень нараджэння. Падабаюцца смачныя стравы, салюты, агеньчыкі. Дома да святаў я звычайна дапамагаю ставіць ёлачку, чысціць снег, тут таксама ўсё гэта рабіў, таму святочны настрой адчуваецца. У падарунак ад Дзеда Мароза спадзяюся атрымаць бесправадныя навушнікі, паўэрбанк і футбольны мяч, аднак больш за ўсё хачу хутчэй трапіць дахаты. Усім людзям жадаю шчасця, здароўя, поспехаў на рабоце і ў вучобе, а яшчэ міру і каб не было вайны.

Валянцін, 15 гадоў:

– Люблю Новы год за ёлку, за канікулы, калі можна ў любы час пачытаць, паглядзець мультфільмы, паскладваць пазлы. У падарунак для сябе я папрасіў канструктар “Лега” і машынку на пульце кіравання. Больш за ўсё мне хацелася б быць здаровым і ніколі не хварэць. Усім, каго ведаю, жадаю моцнага здароўя, шчасця, каб быў навагодні настрой і Дзядуля Мароз прыйшоў да кожнага.

У час размовы не было ва ўстанове дзяўчынак, аднак мы зазірнулі ў іх пісьмы-просьбы да навагодняга чараўніка і таксама даведаліся аб жаданых падарунках. Дзесяцігадовая Вікторыя хоча вялікую ляльку, лялечную хатку, бесправадныя навушнікі, вялікі набор фламастараў, доўгага мяккага цацачнага ката.

Трохгадовы Дзіма марыць аб цацачным наборы інструментаў і канструктары.

Чатырохгадовая Даша папрасіла вялікага мяккага сабаку, ляльку і мяч.

Няхай усе жаданні дзяцей збудуцца і кожнаму жыхару раёна Новы год таксама прынясе ўсё самае добрае і радаснае.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga