Калонка рэдактара. Гэта мой дзень

Важнае Свежыя навіны

Эмоцыі, звычайна, праз нейкі час праходзяць. Але тое, што яны зрабілі –  застаецца. (Вільгельм Швебель)

Сёння “не мой дзень”. Часта ці не часта, але гэтую фразу перыядычна мы вымаўляем.

Бывае, дзень не заладзіцца з раніцы. І сонца не так свеціць, і раніца зусім не добрая. А далей яшчэ “лепш”: то тэлефон забыўся, то ключ страціў, то банкамат не працуе ….

У кожнага такі дзень праходзіць па-свойму і шэраг няўдач таксама можа быць розным, але тое, што ён даставіць масу клопатаў, турботы і дыскамфорту – гэта дакладна.

А калі настрой так сабе, то і ўсё, што мы робім на працягу дня, у тым ліку і зносіны з іншымі людзьмі, знаходзіцца пад пагрозай непаразуменняў і іншых непрыемных наступстваў.

Адзіная прычына незадаволенасці вынікам гэтага дня – гэта “я”, сам чалавек.

І чый тады гэты дзень?

Узгадайце, ці здараліся ў вашым жыцці сітуацыі, калі,напрыклад, на працы ўзніклі пэўныя цяжкасці і праблемы, і, прыйшоўшы дадому пасля працоўнага дня, вы пераносіце свой негатыў на сваіх блізкіх. Ніхто не разумее, у чым справа? А вам – то рэчы раскіданыя, то ўрокі дзеці не зрабілі, то тэлевізар занадта гучна ўключаны – адным словам, усё раздражняе. Але яны ж не вінаватыя!

Так, справіцца з сабой і “дэманамі”-эмоцыямі вельмі складана, але ўсё-такі трэба пастарацца не псаваць жыццё іншым. Вашы прабачэнні, калі вы не забудзецеся іх прынесці, ужо не вернуць добрага настрою вашым родным, і вечар будзе сапсаваны.

Чалавек навучыўся кіраваць тэхнікай, машынамі, на “выдатна” спраўляецца з усімі навамоднымі навінкамі ў выглядзе розных гаджэтаў, а вось “кіраваць сабой” пакуль не заўсёды атрымліваецца. Часам мы самі сябе не разумеем, самі ў сабе разабрацца не можам. Але гэта ж не прычына?

Я думаю, што ўсё ж не варта хвалявацца і перажываць. Лепш трымаць галаву “халоднай”, а эмоцыі пад кантролем. Важна разумець, што твой настрой і твае паводзіны не павінны адбіцца дрэнна на іншых.

Жыццё рознае, і ў ім усё можа здарыцца.

І “не мой дзень” – гэта мой дзень. Таму што ўсё ў маіх руках, у маёй галаве. І няма такога “не мой дзень”. Ёсць маё нежаданне з гэтым жыць і працаваць, інакш кажучы – лянота.

Дык не лянуйцеся! І, нягледзячы на раніцу, зрабіце так, каб кожны дзень быў вашым!

Наталля КАЛОДКА