Акцыя “Нашы дзеці”. Марафон дабра запрашае ў навагоднюю казку

Галоўнае Грамадства

З 15 снежня па 15 студзеня ў Беларусі будзе праходзіць навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.

Пра яе асаблівасці на Дзятлаўшчыне расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– Зноў мы ўключаемся ў сапраўдны марафон дабра, які праводзіцца пад патранатам Прэзідэнта Беларусі. Менавіта кіраўнік дзяржавы ў свой час стаяў ля вытокаў зараджэння гэтай цудоўнай беларускай традыцыі, якая “прыйшла” ва ўсе куточкі рэспублікі, стала своеасаблівым “адліковым пунктам” святкавання навагодніх і калядных урачыстасцяў, задала тон святочным мерапрыемствам, дала магчымасць тысячам дарослых стаць добрымі чараўнікамі для хлопчыкаў і дзяўчынак.

Напрыклад, сёлета на Дзятлаўшчыне ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” запланавана выкарыстанне бюджэтных сродкаў у суме 21 560 рублёў. Яны будуць скіраваны на набыццё салодкіх падарункаў для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (37 дзетак), непаўналетніх, якія знаходзяцца ў дзіцячым сацыяльным прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, дзяцей з інваліднасцю (106), адораных навучэнцаў (80), навучэнцаў 1-4 класаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі.

Дастойна, калі намаганні дарослых скіраваны на добрыя мэты, таму асабліва радуе, што з кожным годам да навагодняй акцыі “Нашы дзеці” далучаецца ўсё больш неабыякавых дзятлаўчан, заўжды актыўна сябе праяўляюць грамадскія аб’яднанні раёна, адгукваюцца прадпрыемствы і арганізацыі ўсіх формаў уласнасці, таму сума сабраных сродкаў пастаянна павялічваецца.

Сёлетні год не выключэнне: да акцыі па добрай традыцыі далучаюцца грамадскія арганізацыі “Беларускі дзіцячы фонд”, “Белая Русь”, “БРСМ”, “Фонд міру”, “Беларускі саюз жанчын”, Таварыства Чырвонага Крыжа, савет ветэранаў і іншыя. Заклікаем да ўдзелу ў аказанні шэфскай дапамогі ўсім дзецям Дзятлаўшчыны і ўстановы, арганізацыі, прадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыі нашага раёна.

– Калі стартуе “карагод” раённых дзіцячых святаў?

– 15 снежня ў 11 гадзін у Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбудзецца ўрачыстае адкрыццё акцыі з удзелам кіраўніцтва раёна, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў.

28 снежня зноў жа ў Цэнтры культуры ў 11 гадзін раённае навагодняе дабрачыннае свята збярэ з розных куткоў Дзятлаўшчыны адораных навучэнцаў, дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх сем’ях, дзіцячым доме сямейнага тыпу, знаходзяцца ў сацыяльным прытулку, а таксама са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзяцей ваеннаслужачых, непаўналетніх, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Ва ўсіх установах адукацыі пройдуць навагоднія ранішнікі і карнавалы для навучэнцаў.

У час канікулаў таксама запланаваны дабрачынныя акцыі з удзелам кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім і прыемныя сюрпрызы для выхаванцаў сацыяльнага прытулка, дома сямейнага тыпу, навучэнцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Ніводнае дзіця ў гэтыя святочныя дні не застанецца без увагі і памятных падарункаў. Падтрымка і клопат – галоўныя рэсурсы, дзяліцца якімі можа і павінен кожны чалавек.

– Ці паедуць дзятлаўчане на абласную і Галоўную ёлку краіны?

– 27-28 снежня ў Мінску рэспубліканскае дабрачыннае навагодняе свята з удзелам кіраўніка дзяржавы наведаюць Віталь Місцюкевіч з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, Анастасія Бортнік з Новаяльнянскай сярэдняй школы і гімназістка Ганна Сіневіч.

4 студзеня ўпершыню на рэспубліканскае мерапрыемства ў Палац Незалежнасці запрошаны чацвёра юных жыхароў раёна, якія гадуюцца ў шматдзетных, замяшчальных, іншых сем’ях.

21 снежня абласны баль сезонаў “Поры года” ў Гродзенскай філармоніі наведае танцавальная пара адзінаццацікласнікаў сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Антаніна Зайцава і Уладзіслаў Касцюкевіч.

27 снежня зноў жа ў Гродзенскай філармоніі жыхароў Прынёмання 8-14 гадоў збярэ абласное дабрачыннае свята для дзяцей-сірот, дзяцей са шматдзетных сем’яў, пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў. Дзятлаўшчыну на ім прадставяць 15 навучэнцаў: Ганна Радомская, Варвара Ламака, Мікіта Добыш, Аліса Ліцкевіч, Нэлі Санюк, Максім Шавель, Аляксей Умоўскі, Яўген Юргілевіч, Цімур Суша, Яўген Кавальскі, Кірыл Лебедзь, Дар’я Махнач, Дзяніс Мацюк, Яўген Лях, Аляксандра Лагвіновіч.

– Жыхары раёна адзначаюць, што ўсе ўстановы адукацыі ярка аздоблены да святаў.

– Сапраўды, для стварэння святочнай атмасферы, развіцця творчага патэнцыялу і эстэтычнай культуры дзяцей і дарослых у снежні ў нас стартаваў раённы агляд-конкурс на лепшае афармленне ўстановаў адукацыі і іх тэрыторый “Навагодні Q-фармат-2024”. Прадоўжыцца ён да 20 снежня. Пераможцаў будзем вызначаць па намінацыях: “Навагодняя фотазона”; “Чараўніцтва Новага года” (афармленне ўстановы, яе тэрыторыі, вокнаў у адзіным стылі з выкарыстаннем аб’ёмных фігур, дэкаратыўна-прыкладной творчасці); “Навагодняя феерыя” (выкарыстанне святочнай ілюмінацыі). Прадугледжана тры прызавыя месцы ў кожнай з намінацый. Пераможцы будуць адзначаны дыпломамі аддзела адукацыі райвыканкама і каштоўнымі падарункамі.

– Чаго пажадаеце жыхарам раёна да святаў?

– Мы разам робім добрыя цуды, з надзеяй глядзім у Новы год, які абавязкова прынясе радасць, поспехі і перамогі ў справах, якія сабе намецілі.

Вельмі хутка нашы дзеці стануць дастойнымі прадаўжальнікамі лепшых традыцый беларускага народа, будуць праслаўляць нашу дзяржаву, у тым ліку на сусветным узроўні. Няхай вера ў лепшае, добрае, казачнае, якую даём ім сёння, назаўсёды застаецца з імі і матывуе на дасягненне новых і новых вышыняў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: