Адзіны дзень інфармавання. Як перадаць будучым пакаленням мірную і спакойную Беларусь?

Галоўнае Улада

21 снежня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Працавала некалькі груп.

З калектывам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама сустрэлася абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігарам Булаўкам, група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага – з калектывам ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага – з педагогамі Новаяльнянскай сярэдняй школы, таксама працавалі групы ўсіх намеснікаў старшыні райвыканкама.

Спачатку пагутарылі аб палітычнай бяспецы як аснове грамадска-палітычнай стабільнасці суверэннай дзяржавы, у тым ліку закранулі напрамую звязаную тэму выбарчай кампаніі 2024 года, якая будзе праходзіць у новых умовах.

– Мы жывём у няпросты час, калі глабальны свет мяняецца, – адзначыў Ігар Булаўка. – Не паддаючыся спробам маніпуляцый з боку Захаду, наша дзяржава ідзе ўласным сацыяльна-арыентаваным курсам. На рэферэндуме 2022 года гэта ў ліку дапаўненняў і змяненняў замацавана ў Канстытуцыі і рэалізоўваецца. Напрыклад, 67 % бюджэту Гродзенскай вобласці скіравана на сацыяльную сферу, па краіне ў цэлым сума сродкаў, якія трацяцца толькі на ахову здароўя ў разы большая, чым на Узброеныя Сілы. Можна зразумець, якую міралюбівую палітыку праводзіць Беларусь. Безумоўна, галоўны наш саюзнік – Расія, граніцы якой, як члены саюзнага альянса, мы прыкрываем ад магчымых інтэрвенцый звонку. Польшча і Літва мілітарызуюцца, хоць Беларусь ім не пагражае. Нам складана супрацьстаяць НАТА, таму кіраўніком дзяржавы было прынята правільнае рашэнне аб уводзе на тэрыторыю дзяржавы ядзернай зброі, як стрымліваючага фактара. Міжнародная сітуацыя для Беларусі няпростая, аднак Прэзідэнт, усе органы ўлады, мы з вамі на месцах робім усё, каб на нашай зямлі панавалі мір і спакой. Дэструкцыйныя спробы дэстабілізаваць абстаноўку не спыняюцца, у тым ліку праз “укідванне” лжывай інфармацыі. “Не купляйцеся” на экстрэмісцкія каналы, тым больш што падпіска на іх караецца законам. Афіцыйнай інфармацыі дастаткова, каб рабіць правільныя ацэнкі.

Ігар Міхайлавіч нагадаў удзельнікам сустрэчы пра электаральную кампанію, адзіны дзень галасавання, адзначыў, што ад нашай пазіцыі будзе залежаць многае, важны і працэнт яўкі, які сведчыць аб адзінстве народа, заклікаў прыйсці на выбарчы ўчастак і аддаць свой грамадзянскі абавязак, прагаласаваўшы за дастойнага кандыдата.

– Прынятыя ў гэты няпросты час рашэнні паўплываюць на тое, як будуць жыць нашы дзеці і ўнукі. Толькі праз адзінства можна захаваць стабільнасць, суверэнітэт, незалежнасць і перадаць будучым пакаленням мірную, спакойную Беларусь, – падвёў вынік свайму выказванню Ігар Булаўка.

У рамках дня інфармавання закранулі і такі важны складальнік нацыянальнай бяспекі, як супрацьдзеянне карупцыі, агучылі лічбы крымінальнай статыстыкі і канкрэтныя злачынствы, якіх на Дзятлаўшчыне сёлета зарэгістравана 4, расказалі аб механізмах прафілактыкі і барацьбы з карупцыйнымі праявамі.

Напрыканцы звярнуліся да пытанняў бяспекі жыццядзейнасці, нагадалі, як без трагічных наступстваў правесці навагоднія святы, школьныя канікулы, якіх правілаў прытрымлівацца пры катанні на цюбінгах і абыходжанні з піратэхнікай, адкрытым агнём, чаму пры плюсавых тэмпературах нельга выходзіць на лёд вадаёмаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: