Замяшчальная сям’я для пажылых і інвалідаў

Важнае Грамадства

Фраза, што сям’я павінна быць у кожнага, гучыць даволі часта, аднак што рабіць тым, хто волей лёсу не стварыў яе ці страціў на жыццёвым шляху?

Асабліва востра тэма тычыцца пажылых людзей, у якіх няма блізкіх, хто застаўся без пяшчотных словаў, маральнай і духоўнай падтрымкі. Безумоўна, “разбавіць” адзіноту могуць стасункі з сябрамі, суседзямі, нават сацыяльнымі работнікамі, але нішто не заменіць сям’ю.

Тым не менш варыянты ёсць, і пра іх расказала загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Іна Петрукевіч:

– Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 2017 года № 864 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб сацыяльным абслугоўванні ў замяшчальнай сям’і і ўнясенні змяненняў у некаторыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь” была ўкаранёна новая форма сацыяльнага абслугоўвання – замяшчальная сям’я. Яна мае на ўвазе аказанне сацыяльных паслугаў паўналетняму непрацаздольнаму грамадзяніну ва ўмовах сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі з іншай фізічнай асобай, якая аказвае сацыяльныя паслугі і не з’яўляецца абавязанай па законе ўтрымліваць гэтага грамадзяніна.

Сутнасць новай формы сацыяльнага абслугоўвання ў тым, што звычайная сям’я можа ўзяць да сябе чужога пажылога чалавека або інваліда, каб клапаціцца пра яго.

– Хто і на якіх умовах аказвае паслугі ў такой замяшчальнай сям’і?

– Аказваць іх можа працаздольны грамадзянін 18-65 гадоў, які пастаянна жыве на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Аднак гэта не могуць быць дзеці, муж ці жонка пажылога чалавека ці інваліда, які мае патрэбу ў доглядзе, бо яны абавязаны клапаціцца аб іх па законе. Таксама ў памочнікі не прымуць інваліда І або ІІ групаў. Працаваць ці вучыцца памочніку не забараняецца, калі гэта не перашкаджае клопатам аб падапечным.

– Хто мае права атрымліваць такую форму паслугі?

– Права на сацыяльныя паслугі ў замяшчальнай сям’і прадастаўлена маючым патрэбу ў доглядзе грамадзянам, якія пастаянна жывуць у Беларусі і адносяцца да дзвюх катэгорый: з’яўляюцца адзінокімі непрацуючымі грамадзянамі, якія дасягнулі 70 гадоў, або адзінокімі непрацуючымі інвалідамі І ці ІІ групаў.

Не змогуць трапіць у замяшчальную сям’ю прадстаўнікі гэтых катэгорый, якія раней заключылі дагавор рэнты ці пажыццёвага ўтрымання з падтрымкай (с иждивением).

– Якая працэдура стварэння замяшчальнай сям’і для пажылых і інвалідаў?

– Жадаючаму скарыстацца паслугай адзінокаму прадстаўніку гэтых катэгорый і чалавеку, які згодны ўзяць на сябе клопаты аб ім, трэба звярнуцца з заявай у Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства, у нашым выпадку ў ЦСАН Дзятлаўскага раёна.

Варта ведаць, што аказанне паслугаў у замяшчальнай сям’і ажыццяўляецца на аснове трохбаковага дагавора: з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам у асобе ЦСАН Дзятлаўскага раёна; паўналетнім адзінокім непарацаздольным грамадзянінам, які мае патрэбу ў доглядзе і за якім замацавана якая-небудзь яшчэ форма сацыяльнага абслугоўвання; памочнікам, які гатовы ўзяць на сябе клопаты пра такога грамадзяніна. Варта ведаць, што пры заключэнні дагавора з некалькімі дарослымі непрацаздольнымі асобамі (не больш чым дзвюма па законе), якія маюць патрэбу ў доглядзе, або такой сямейнай парай, дагавор заключаецца з кожным з іх.

Пытанне аб мэтазгоднасці яго заключэння і аказання паслугаў у форме замяшчальнай сям’і будзе разглядаць камісія, сфарміраваная райвыканкамам.

У дагаворы прапісваюцца месца жыхарства адзінокага чалавека, тэрмін заключэння дагавора, умовы, пры якіх ён можа быць скасаваны, парадак фарміравання бюджэту замяшчальнай сям’і і расходавання грошай, сума штомесячнай грашовай дапамогі “памочніку” ў выпадку яе прызначэння райвыканкамам.

– Хто можа разлічваць на такую грашовую дапамогу?

– Штомесячная грашовая дапамога з мясцовага бюджэту прадастаўляецца “памочніку” па распараджэнні райвыканкама пры ўмове аказання ім паслугаў у замяшчальнай сям’і інваліду I групы з ярка выражаным парушэннем здольнасці да самаабслугоўвання.

Аднак ад сябе зазначу, што замяшчальная сям’я і так выгадная для абодвух бакоў: адзінокі чалавек атрымлівае ў ёй неабходную дапамогу, а яго памочнік у выпадку пераезду да падапечнага можа часова вырашыць сваё жыллёвае пытанне. Гэта добры варыянт, напрыклад, для студэнта ці маладой сям’і. Да таго ж, як сведчыць практыка, пажылыя людзі ахвотна ўносяць свой уклад у хатнія справы: могуць даглядаць дзяцей, пакуль бацькоў няма дома, гуляць з малымі на двары, а таксама дапамагчы па гаспадарцы. З задавальненнем яны падзеляцца жыццёвым вопытам, дадуць мудрыя парады. Разам з тым замяшчальная сям’я – цудоўная альтэрнатыва замест дома-інтэрната, бо дазваляе адзінокім пажылым людзям і людзям з абмежаванымі магчымасцямі жыць у цёплай хатняй атмасферы.

Па больш падрабязную інфармацыю па тэме можна звяртацца ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па адрасе: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56, і тэлефанаваць: 8-01563-2-20-97; 8-01563-2-45-08; 8-01563-2-71-54.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена Інай Петрукевіч

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga