За мір, за роўнасць, за жыццё…

Важнае Грамадства

У рамках Міжнароднага дня супраць фашызму, расізму і антысемітызму ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшла тэматычная інфармацыйная гадзіна з удзелам прадстаўнікоў прафсаюзнага руху, працоўных калектываў, грамадскіх і ветэранскіх арганізацый раёна, дзятлаўчан.

Вядучыя сустрэчы Святлана Магера і Марына Лапушка зрабілі экскурс у гісторыю і расказалі, што менавіта ў ноч з 9 на 10 лістапада 1938 года на тэрыторыі Германіі і Аўстрыі адбылася першая масавая акцыя ў адносінах да яўрэяў: было забіта каля 90 чалавек, сотні – паранены, 3,5 тысячы – адпраўлены ў канцэнтрацыйныя лагеры, спалены сінагогі, дамы, гандлёвыя і камерцыйныя прадпрыемствы. Маштабны пагром, які пазней атрымаў назву “Крыштальнай ночы” ці “Ночы разбітых вітрын”, паклаў пачатак Халакосту – масаваму знішчэнню яўрэйскага народа, ад якога загінулі 6 мільёнаў чалавек. Гэтай трагічнай падзеі папярэднічаў прыход на пасаду канцлера Германіі ў 1933 годзе лідара партыі нацыянал-сацыялістаў Адольфа Гітлера, які абяцаў вярнуць Германіі былую вялікасць і разабрацца з расавым ворагам – яўрэямі. Праўда, акрамя іх, нацыстамі жорстка знішчаліся народнасць рома, беларусы, народы з чорным колерам скуры, душэўна і фізічна хворыя людзі. І самымі страшнымі “фабрыкамі” па знішчэнні мірнага насельніцтва, у тым ліку ні ў чым невінаватых дзяцей, сталі лагеры смерці і гета.

Каб не быць галаслоўнымі, Святлана Магера і Марына Лапушка прапанавалі прысутным праслухаць відэа-пасланне – ліст беларускай дзяўчынкі, адданай у рабства гітлераўскаму памешчыку, Каці Сусанінай. Ліст быў знойдзены пасля вызвалення горада Ліозна пад заваламі.

– У час Вялікай Айчыннай вайны Халакост не мінуў і Дзятлаўшчыну, дзе за тры гады акупацыі былі забіты каля 20 тысяч яўрэяў, – расказала дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева. – На тэрыторыі раёна існавала 4 гета – Дзятлаўскае, Казлоўшчынскае, Новаяльнянскае, Дварэцкае. Трагічную дату 80-годдзя стварэння гета ў Дзятлаве раён адзначаў 22 лютага 2022 года. Сумнымі сведкамі масавых расстрэлаў яўрэйскага насельніцтва сёння з’яўляюцца помнікі на брацкіх пахаваннях у райцэнтры – у Курпяшоўскім лесе, на старых яўрэйскіх і на гарадскіх могілках, а таксама ў вёсцы Маськаўцы, недалёка ад гарпасёлка Казлоўшчына, каля вёскі Коцькі Дварэцкага сельсавета, каля былой ільноэкспартнай базы ў Наваельні.

– Сёння мы ўзгадваем трагічную дату, – адзначыў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец. – Прадстаўнікі старэйшага пакалення і падумаць не маглі, што ў ХХІ стагоддзі праблема нацызму зноў стане актуальнай. Мяркую, сталым людзям не трэба тлумачыць, што гэта такое і якой страшнай была Вялікая Айчынная вайна. Нашаму пакаленню пашчасціла больш: мы выхоўваліся на прыкладах жывых ветэранаў – тых відавочцаў, якія самі прымалі ўдзел у баявых дзеяннях. Не сакрэт, што цяперашняя моладзь выхоўваецца ў інтэрнэце, а там размешчана не заўжды праўдзівая інфармацыя. Таму задача дарослых – данесці да падрастаючага пакалення гістарычную праўду, каб ваенная трагедыя не паўтарылася.

У 1945 годзе была атрымана перамога над нямецкім фашызмам. Міжнародны ваенны трыбунал у Нюрнбергу ў кастрычніку 1946 года назваў гітлераўскія лагеры адным з самых ганебных сродкаў тэрору ў адносінах да насельніцтва акупіраваных краін. Учыненыя ў іх злачынствы – злачынствамі супраць чалавецтва. У наш час веданне ўрокаў Халакосту неабходна, перш за ўсё, каб падобныя зверствы не паўтарыліся. Для гэтага сучаснікі павінны быць цярпімымі да іншых людзей, незалежна ад расы, нацыі, веравызнання, іншых адрозненняў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga