Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў.
Герой Савецкага Саюза, гвардыі генерал-маёр Ян Янавіч Фогель нарадзіўся 24 снежня 1898 года ў сяле Дурэ Вальміёрскага раёна Латвійскай ССР.
Час быў цяжкі. Большая частка зямлі ў той час належала ў Латвіі нямецкім баронам, а беззямельныя латвійскія сяляне вымушаны былі служыць у іх батракамі. Вялікая сям’я Фогеляў ледзь зводзіла канцы з канцамі. I таму дзеці з маленства пачыналі працаваць, зарабляць на хлеб.
Маленькі Ян спачатку быў пастушком, пасля грузчыкам. Затым уладкаваўся працаваць рабочым на чыгунку.
Простага і надзвычай кемлівага юнака адразу палюбілі ўсе рабочыя-рамонтнікі. На чыгунцы ён знаёміцца з рэвалюцыянерамі, актыўна ўключаецца ў работу падпольнай мясцовай арганізацыі РСДРП. У жніўні 1914 года становіцца членам партыі бальшавікоў.
У 1916 годзе Яна Фогеля прызвалі ў армію. Ён, апрануўшы салдацкі шынель, трапляе ў Латышскі запасны стралковы полк, які стаяў у горадзе Вальміёра. Пасля лютаўскай рэвалюцыі Фогеля выбіраюць старшынёй салдацкага камітэта роты і членам палкавога камітэта, а таксама членам Вальміёрскага павятовага Савета.
Ян Фогель кіраваў рабочымі дэманстрацыямі і паўстаннем у Вальміёры супраць прыгнёту баронаў і кулакоў. За актыўную рэвалюцыйную дзейнасць ён трапіў пад ваенна-палявы суд Паўночнага фронта. Пачалося дэталёвае следства. Толькі Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя выратавала смелага бальшавіка ад смяротнага прысуду.
Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі Ян Янавіч працаваў у Цэнтральным Камітэце Камуністычнай партыі Латвіі, рэдакцыі бальшавіцкай газеты “Цыня”.
Некаторы час ён знаходзіўся ў Беларусі. Служыў ваенным камісарам кавалерыйскіх палкоў і злучэнняў, у тым ліку і праслаўленай 6-й Чангарскай дывізіі, з’яўляўся членам Гомельскага акруговага камітэта КПБ, членам ЦК КПБ, дэлегатам XIV і XV з’ездаў партыі.
У хуткім часе Яна Фогеля залічылі ў асобную групу Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ. Пасля заканчэння вучобы Ян Янавіч прызначаны камісарам 38-й стралковай дывізіі, якая дыслацыравалася ў Растове-на-Доне. За самы кароткі тэрмін гэта вайсковае злучэнне выйшла ў лік перадавых, было ўзнагароджана ордэнам Леніна і перайменавана ў 9-ю Данскую стралковую дывізію. Ян Фогель і яшчэ некалькі камандзіраў атрымалі ордэны Чырвонай Зоркі.
З пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ян Янавіч быў начальнікам упраўлення ўсенавуча Прыволжскай ваеннай акругі. Ваяваў на Украіне і ў Данскіх стэпах, пазней на Курскай дузе. У 1943 годзе брыгаднаму камісару прысвоена званне палкоўніка і ён прызначаны камандзірам 120-й стралковай дывізіі. Гэта вайсковае злучэнне ў тэрміновым парадку накіроўваюць з Бранска ў Беларусь. Дывізія граміла ворага на Гомельшчыне і ў самым пачатку 1944 года выйшла да Рагачова. У лютым 1944 года яна ўдзельнічала ў Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі, у вызваленні Рагачова.
Камандаванне высока ацаніла баявое майстэрства і адвагу камандзіра дывізіі. Ян Янавіч быў узнагароджаны ордэнам Леніна і ўдастоены звання генерал-маёра. Стралковая дывізія атрымала назву Рагачоўская.
На досвітку 23 чэрвеня 1944 года пачалася аперацыя “Баграціён” па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ужо на другі дзень баёў байцы 120-й дывізіі прарвалі вельмі ўмацаваную абарону ворага на рацэ Друць. Спачатку дывізія сумесна з іншымі часцямі забяспечыла акружэнне, а затым і поўны разгром фашыстаў у так званым “Бабруйскім катле”.
Далей баявы шлях дывізіі ляжаў на Гродзеншчыну. У пачатку ліпеня 1944 года дывізія Яна Фогеля была ўжо ў Карэліцкім раёне. Войскі 3-яй арміі генерала А. В. Гарбатава, у састаў якой уваходзіла 120-я Рагачоўская Чырванасцяжная стралковая дывізія, развівалі імклівае наступленне ў кірунку Карэліч, Навагрудка, Дзятлава, Ваўкавыска. Фашысты сцягвалі ўсё новыя і новыя сілы, каб любой цаной затрымаць савецкія войскі на водных рубяжах. Такую спробу гітлераўцы ўчынілі на рацэ Сэрвач у Карэліцкім раёне. Але ў генерала Фогеля быў ужо дакладны план дзеянняў. Да ракі дывізія падышла ўвечары, у начным баі прарвала абарону, ноччу фарсіравала раку, захапіла плацдарм і замацавалася на ім. Гвардзейцы 120-й дывізіі пагналі нямецка-фашысцкіх захопнікаў на захад.
З 24 чэрвеня па 8 ліпеня 1944 года прайшлі шлях з баямі ад ракі Друць да Навагрудка, вызваліўшы ад ворага больш за 250 населеных пунктаў, захапілі 2800 палонных, шмат ваеннай тэхнікі і зброі.
Генерал Ян Фогель быў заўсёды там, дзе вырашаўся зыход бою, непасрэдна ў баявых парадках палкоў, асабістым прыкладам натхняў салдат і афіцэраў на безумоўнае выкананне атрыманага загаду. Але здарылася бяда. Раніцай 8 ліпеня 1944 года, калі ўжо сціхлі стрэлы, генерал Фогель са сваім ад’ютантам гвардыі старшым лейтэнантам П. А. Сагуновым на адкрытай машыне праязджаў па дарозе Карэлічы–Валеўка. І вось тут, каля вёскі Малюшычы, іх насціглі варожыя кулі. Яны былі смяротна паранены. 14 ліпеня Ян Фогель памёр. Пахавалі яго з усімі вайсковымі ўшанаваннямі ў парку гарпасёлка Дзятлава. Непадалёку ў брацкай магіле пахаваны і П. А. Сагуноў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 красавіка 1945 года Яну Янавічу Фогелю пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Дзятлаўчане пастаянна ўшаноўваюць памяць аб ім. Яго імем названа вуліца горада Дзятлава, у гісторыка-краязнаўчым музеі экспануюцца матэрыялы аб жыцці і дзейнасці героя Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцы школ райцэнтра даглядаюць помнік, устаноўлены на магіле Яна Фогеля.
Матэрыял падрыхтавала Вольга ЦЮШЛЯЕВА,
дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga