Школа, якую ведаюць у розных кутках Беларусі

Важнае Грамадства

У сёлетнім снежні свой юбілей – 20 гадоў з дня адкрыцця – адзначыў філіял “Санаторная школа “Баравічок” дзяржаўнай установы адукацыі “Раклевіцкая базавая школа”.

З гэтай нагоды ў навучальнай установе прайшло ўрачыстае мерапрыемства.

– Юбілей – гэта, перш за ўсё, вынік пражытага адрэзка жыцця, – звярнулася да ўдзельнікаў свята намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Варган. – Школа дзіцячага аддзялення “Баравічок” была адкрыта ў снежні 2003 года. За два дзесяцігоддзі яе існавання навучанне і аздараўленне тут прайшлі больш за 56 000 дзяцей, было прынята 320 заездаў. Самаму малодшаму адпачывальніку, які пабываў у нас у 2003 годзе, цяпер 26 гадоў.

У нашы дні ва ўстанове працуюць прафесіяналы, вопытныя настаўнікі. Калектыў санаторнай школы – 12 чалавек. Гэта сучасная ўстанова адукацыі, абсталяваная зручнай мэбляй, камп’ютарамі, ноўтбукамі, інтэрактыўнымі дошкамі, мультымедыйнымі прыладамі. Навучэнцы не толькі з задавальненнем ходзяць на заняткі, але і наведваюць аб’яднанні па інтарэсах “Робататэхніка”, “Пап’е-машэ”, “Алмазная мазаіка”, “Маляванне па нумарах”, “Гульнявы калейдаскоп”, тэатр “Батлейка”. Школа жыве, развіваецца і з упэўненасцю глядзіць у будучыню.

З 20-годдзем установы педагагічны калектыў і работнікаў павіншавалі галоўны доктар філіяла “Санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца” Леанід Карпішэвіч, яго намеснік па ідэалагічнай, культурна-масавай і выхаваўчай рабоце Уладзімір Мармыш, метадыст раённага метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Пазняк, былы галоўны доктар санаторыя “Радон”, які працаваў у 2003 годзе, Мікалай Мазур, дырэктар Раклевіцкай базавай школы Наталля Сокал, настаўнікі-ветэраны.

За шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама была адзначана намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Варган, падзячнымі лістамі  настаўнікі Валянціна Сукач, Алена Дораш.

Для прысутных было падрыхтавана яркае святочнае мерапрыемства з канцэртнымі нумарамі, выступленнямі навучэнцаў, педагогаў і выхавальнікаў дзіцячага аддзялення “Баравічок”.

Са сцэны гучалі словы падзякі калектыву, пажаданні новых дасягненняў і прафесійных перамогаў. З розных куткоў Беларусі ва ўстанову прыляцелі віншавальныя відэапаштоўкі.

Падрыхтавала да друку Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадаставілі ўдзельнікі свята

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga