Алена Круглова: “Мір – каштоўнае багацце”

Важнае Грамадства

На ўрачыстым мітынгу каля абеліска Славы 9 мая Новаяльнянскай сярэдняй школе быў перададзены вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”, якім па ўказе Прэзідэнта ў ліку яшчэ васьмі гарадоў сёлета ўзнагароджана Дзятлава.

Сваімі ўражаннямі ад адметнай падзеі падзялілася дырэктар установы Алена Круглова:

– Мы ганарымся, што вымпел быў перададзены менавіта нашай установе. Ён сімвалізуе сабой подзвіг людзей, якія, нягледзячы на ўсе цяжкасці і небяспеку, не дазволілі страху і роспачы адолець іх. Яны былі гатовы ахвяраваць уласным жыццём дзеля свабоды і незалежнасці роднай краіны, дзеля мірнага неба над ёю.

У 2022-2023 навучальным годзе мы прынялі ўдзел у праекце “Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь”. Яго арганізатарам выступае грамадскае аб’яднанне “Беларускі фонд міру” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У красавіку 2023 года нашай установе быў прысвоены статус “Школа міру”. А цяпер яшчэ і вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” заняў сваё ганаровае месца ў школьным музеі “Дзеці ліхалецця”. Экспазіцыі музея захоўваюць гісторыю міжнароднага інтэрнацыянальнага піянерскага лагера пры санаторыі “Наваельня”, так званага беларускага “Артэка”, які быў арганізаваны 17 чэрвеня 1941 года ў нашым гарадскім пасёлку. На аздараўленне ў Наваельню прыехалі дзеці палітэмігрантаў, 21 чалавек, з Балгарыі, Аўстрыі, Югаславіі, Румыніі, Італіі, Чэхаславакіі, Кітая, Карэі. Усе былі выхаванцамі Іванаўскай інтэрнацыянальнай школы імя Алены Стасавай. 22 чэрвеня 1941 года іх мірны адпачынак перарвала Вялікая Айчынная вайна, і дзеці аказаліся на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі. Апаленыя вайной дзіцячыя лёсы і ляглі ў аснову школьнага музея.

Народны гісторыка-краязнаўчы музей “Дзеці ліхалецця” ўключаны ў спіс турыстычных аб’ектаў, рэкамендуемых Міністэрствам адукацыі для арганізацыі і правядзення экскурсій для навучэнцаў 10-11 класаў. Наведаць яго прапаноўваюць турыстам рознага ўзросту і ў час экскурсій па Дзятлаўскім раёне.

Цяпер нашым навучэнцам і гасцям мы расказваем яшчэ і пра вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Наведванне музея спрыяе патрыятычнаму выхаванню, развіццю нацыянальнага гонару, захаванню гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Удзельнікі вайны заслугоўваюць павагі і ўдзячнасці, іх подзвігі назаўсёды застануцца ў нашых сэрцах, іх імёны не будуць забыты. Гістарычная памяць нагадвае нам аб дарагой цане, якую заплацілі продкі за наш дабрабыт, і дапамагае зберагаць сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці. Мы павінны перадаваць памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны будучым пакаленням, каб і яны ведалі, якім каштоўным багаццем з’яўляецца мір.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Новаяльнянскай школай

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga