Тамара Крывеня: “Жыццё – бясконцае пазнанне”

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Кожны чалавек, хоць жыццё яго і падобна на маленькую пясчынку ў моры людскіх лёсаў, – гэта частка гісторыі.

Імя ж педагога Новаяльнянскай сярэдняй школы, нязменнага кіраўніка народнага школьнага музея “Дзеці ліхалецця” Тамары Крывеня наогул упісана ў яе залатымі літарамі.

Сёлета Тамара Уладзіміраўна адзначыла свой юбілейны дзень нараджэння, адметна, што і ў музея таксама круглая дата – 35 гадоў, а таму ёсць важкая нагода расказаць пра гэту цікавую і моцную духам жанчыну, праца і асабісты прыклад якой натхняюць на добрыя справы многіх новаяльнянцаў, іншых жыхароў нашага раёна і не толькі.

Родам Тамара Крывеня з Навагрудчыны. Менавіта ў суседнім раёне яе карані, якія пачынаюцца з вёскі Галковічы. Нарадзілася Тамара Уладзіміраўна ў 1948 годзе, была старэйшай у сям’і, дзе гадаваліся чацвёра дзяцей. Гады яе юнацтва прыпалі на цяжкі пасляваенны перыяд, тым не менш бацькі змаглі выхаваць у дзецях павагу і любоў да людзей, адказнасць, чалавечнасць, працавітасць, імкненне самастойна дабівацца пастаўленых мэтаў. Якасці гэтыя сталі нябачнымі пуцяводнымі ніцямі, якія вядуць за сабой Тамару Уладзіміраўну ўсё яе свядомае жыццё.

У 1972 годзе дзяўчына скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова. Яе педагагічны шлях пачаўся з Навагрудскага аддзела адукацыі, а з Наваельняй Тамару Уладзіміраўну звязала сям’я, з мужам Мікалаем Кузьмічом яны выгадавалі двух сыноў. У Новаяльнянскай сярэдняй школе з 1 верасня 1972 года і да нашых дзён Тамара Крывеня працуе творча, натхнёна, з энтузіязмам і шчырай любоўю да дзяцей. Адзначае, што час праляцеў нібы на адным дыханні. Гарадскі пасёлак Наваельня стаў для Тамары Уладзіміраўны блізкім і дарагім сэрцу домам, нездарма яна ўжо некалькі дзесяцігоддзяў займаецца глыбокім вывучэннем гэтых мясцін. Як педагог і таленавіты чалавек, Тамара Крывеня можа захапіць, павесці за сабой дзяцей, бо сама знаходзіцца ў няспынным творчым пошуку.

– Мэта маёй педагагічнай дзейнасці, – адзначае яна, – разгледзець у кожным вучні асобу і развіць лепшыя здольнасці, закладзеныя прыродай.

Педагогіцы наша зямлячка прысвяціла ўсё сваё прафесійнае жыццё. Аднак Тамара Уладзіміраўна не толькі эрудзіраваны кампетэнтны педагог, але і творчы кіраўнік музея “Дзеці ліхалецця”, прычым любоў да экскурсій, вандровак, знаёмстваў з артэфактамі пачалася ў яе яшчэ ў час работы настаўніцай геаграфіі. У 1984 годзе яна прыступіла да збору матэрыялаў для школьнага музея, а з 1988-га стала нязменным яго кіраўніком. 18 ліпеня 1997 года гісторыка-краязнаўчаму музею “Дзеці ліхалецця” было прысвоена званне “народны”. У чэрвені 2013 года яно пацверджана.

– Вельмі люблю сваю работу, для мяне яна заўжды ў радасць, бо гэта частка жыцця, – дзеліцца Тамара Крывеня. – Музей – тое месца, дзе духоўнасць і культура злучаны ў найвышэйшай ступені.

Разам са сваімі выхаванцамі наша зямлячка прадаўжае актыўны краязнаўчы пошук. Вынікамі іх даследчай работы стала стварэнне макета “Наваельня ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, зменнай экспазіцыі “Наваельня пад крыламі соснаў”, інтэрактыўнай экспазіцыі “Ваенная гісторыя пасёлка Наваельня”. Па матэрыялах музея зняты дакументальныя фільмы. Захопленая любімай справай, Тамара Уладзіміраўна можа бясконца расказваць пра свой пасёлак, таксама яна прымае актыўны ўдзел у рабоце школы, рыхтуе з ліку навучэнцаў лектараў і экскурсаводаў, знаёміць падрастаючае пакаленне са славутымі землякамі, таленавітымі выпускнікамі, ахоўвае і прапагандуе помнікі гісторыі, культуры, прыроды роднага краю, займаецца асветніцкай работай, далучае да гэтага педагогаў і бацькоў.

Стараючыся крочыць у нагу з часам, Тамара Крывеня актыўна ўкараняе ў работу музея інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі: створаны музейны сайт, буктрэйлер па кнізе “Начныя рэйды савецкіх лётчыц”, віртуальная 3D-экскурсія, мабільныя дадаткі “Помнікі і абеліскі Дзятлаўскага раёна”, “Маленькія героі вялікай вайны”, відэаролікі “Дзяцінства, апаленае вайной”, “Мы памятаем”, “Кніга Памяці”, экспазіцыя “Ордэны і медалі Вялікай Айчыннай вайны” з апісаннем і QR-кодамі. У музеі праводзяцца анлайн-віктарыны і квэст-экскурсіі “Старонкі ваеннай гісторыі”. Навучэнцы пад кіраўніцтвам Тамары Уладзіміраўны штогод становяцца пераможцамі і прызёрамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый. Іх работы адзначаны дыпломамі і граматамі, сярод якіх дыплом ІІ ступені XII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”; дыплом І ступені абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Вайны свяшчэнныя старонкі навекі ў памяці людской”; дыплом І ступені абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Духоўныя каштоўнасці раёна ў змесце дзейнасці музея”; дыплом ІІІ ступені абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Мясціны майго дзяцінства” ў рамках грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” ў намінацыі “Інфармацыйна-даведачнае выданне”.

Асноўныя якасці характару Тамары Крывені – гэта прынцыповасць, патрабавальнасць, аб’ектыўнасць, тактоўнасць, ініцыятыўнасць, адказнасць. Яна імкнецца дабівацца высокіх вынікаў ва ўсіх справах.

За актыўную педагагічную і грамадскую дзейнасць прозвішча нашай зямлячкі занесена ў Кнігу славы Дзятлаўскага раёна. Тамара Уладзіміраўна неаднаразова ўзнагароджана Ганаровымі граматамі упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, адзначана падзячнымі лістамі Дзятлаўскага райвыканкама. У скарбонцы яе дасягненняў таксама ёсць дыплом Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства за актыўны ўдзел у мерапрыемствах краязнаўчай скіраванасці і значны ўклад у развіццё музейнай справы.

Тамара Крывеня знайшла сябе і ў духоўнай сферы жыцця: спявае ў царкоўным хоры на клірасе; штогод удзельнічае ў Калядным фестывалі песнапенняў “Слава ў вышніх Богу”. Вучні пад яе кіраўніцтвам рэгулярна становяцца пераможцамі рэспубліканскага конкурсу творчых, літаратурных і даследчых работ “Святло Праваслаўя”. За стараннае служэнне Царкве Хрыстовай і сумленную працу ў славу Божую Тамара Крывеня адзначана Падзячным лістом архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага, медалём Прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, Граматай у блаславенне за справы на карысць Святой Праваслаўнай Царквы.

Самае галоўнае яе захапленне, як лічыць сама кіраўнік музея, – гэта пошук і збор інфармацыі, у час якіх робіць адкрыцці і знаходзіць цікавае. Як краязнаўца, Тамара Уладзіміраўна таксама актыўна ўдзельнічае ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах, займае прызавыя месцы. Дыпломам I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе яна адзначана як лаўрэат рэспубліканскага конкурсу музеяў установаў адукацыі “На славу агульнай Перамогі”. У тым жа годзе заняла ІІ месца ў епархіяльным этапе рэспубліканскага конкурсу “За маральны подзвіг настаўніка”. Годам пазней на рэспубліканскім форуме музеяў установаў адукацыі “Памяць народа ў надзейных руках маладых” таксама атрымала дыплом II ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь .

Тэмы захавання гістарычнай памяці як адной з умоваў фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму ў навучэнцаў, пошуку праўды аб генацыдзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны сталі цэнтральнымі ў дзейнасці кіраўніка музея. Каб зрабіць яго больш прывабным для наведвальнікаў, яна выкарыстоўвае розныя фарматы: тэматычныя выставы; навуковыя даследаванні на аснове музейных, архіўных, бібліятэчных фондаў, іншых матэрыялаў; музычныя, тэатралізаваныя, персаніфікаваныя экскурсіі з выкарыстаннем фрагментаў дакументальных фільмаў; тэматычныя мерапрыемствы; сустрэчы з відавочцамі падзей. У Год гістарычнай памяці ў музеі рэалізаваны праект “Генацыд – наша памяць і боль”.

Тамара Крывеня вялікую ўвагу надае правядзенню прадуманай, сістэмнай выхаваўчай работы, якая спрыяе развіццю ў кожнага навучэнца патрыятычных пачуццяў і перакананняў, грамадзянскай адказнасці, духоўна-маральных арыенціраў, інфармацыйнай культуры для забеспячэння ўстойлівага развіцця і нацыянальнай бяспекі суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Таццяна УМОЎСКАЯ,
старшыня пярвічнай арганізацыі ГА “БСЖ” Новаяльнянскага сельвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: