Суботнік падтрымалі сельсаветы

Важнае Грамадства

Да восеньскага раённага суботніка далучыліся жыхары ўсіх сельсаветаў Дзятлаўшчыны – работнікі калектываў і арганізацый раёна.

Так, у аграгарадку Круцілавічы на ўборку парку выйшаў працоўны “дэсант” з ААТ “Граніт-Агра”, сельвыканкама, Круцілавіцкай сярэдняй школы, ФАПа, Дома культуры.

Святлана Грос, стараста аграгарадка Круцілавічы:

– Прыбіраць тэрыторыю пачалі з мінулага тыдня. Навялі парадак на могілках, цяпер ачышчаем ад лісця парк. Суботнік з землякамі – заўсёды свята, таму і настрой адпаведны. Надвор’е спрыяе прадуктыўнай рабоце, думаю, хутка справімся.

У Наваельні таксама работа кіпіць. Разам з пасялкоўцамі працуе і старшыня сельвыканкама Людміла Радзевіч разам з калегамі.

– Завяршаем месячнік па навядзенні парадку на зямлі. У сённяшнім суботніку ўдзельнічаюць усе калектывы пасёлка, якія прыбіраюць замацаваную за імі тэрыторыю. Гэта бальніца, школа, дзіцячы сад, камбінат хлебапрадуктаў. Мы таксама не застаёмся ўбаку, – расказала Людміла Аляксандраўна і адзначыла, што пераважная большасць жыхароў прыватных домаўладанняў падтрымлівае свае падворкі ў чысціні, насельнікам шматпавярховікаў прыходзяць на дапамогу работнікі камунальнай службы, якія наводзяць парадак на дваровых тэрыторыях.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga