Прасцей папярэдзіць, чым лячыць

Галоўнае Улада

На Дзятлаўшчыне праходзіць кампанія па імунізацыі насельніцтва супраць віруса грыпу.

Гэтым разам вакцынацыю ў райпаліклініцы прайшлі супрацоўнікі райвыканкама.

Працэдура простая, не зойме шмат часу: агляд доктара-тэрапеўта, пры адсутнасці супрацьпаказанняў – увядзенне вакцыны і наступны кантроль самаадчування.

– Сёння мы з калегамі атрымалі прышчэпку ад грыпу ў межах прафілактычнай кампаніі. Вакцынацыя праходзіць па ўсёй нашай краіне, усе ўстановы аховы здароўя, у тым ліку цэнтральная раённая бальніца, забяспечаны ў дастатковай колькасці вакцынай для прафілактыкі грыпу, даступнай для кожнага жадаючага, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка. – У вольны час кожны можа наведаць медыцынскую ўстанову і атрымаць прышчэпку бясплатна. На маю думку, вакцынацыя – самая дзейсная мера па папярэджанні эпідэміі гэтага захворвання. Сам прышчапляюся абавязкова кожны год, што дапамагае не хварэць на грып і вірусныя інфекцыі, таму адназначна рэкамендую прышчапіцца.

Сёлета для вакцынацыі супраць грыпу медыкі выкарыстоўваюць інактываваную “Вакцыну для прафілактыкі грыпу” расійскай вытворчасці.

– На дадзены момант мы атрымалі ўвесь неабходны аб’ём вакцыны супраць грыпу – 8810 ін’екцый, набытых за сродкі рэспубліканскага, абласнога, раённага бюджэтаў, а таксама пры фінансавым удзеле прадпрыемстваў, арганізацый раёна і саміх дзятлаўчан, – расказвае намеснік галоўнага доктара Наталля Літвінская. – З пачатку кампаніі вакцыну атрымалі ўжо 3535 чалавек. Як і штогод, актыўна прышчапляюцца катэгорыі насельніцтва, якія найперш маюць патрэбу ў прафілактычных мерах. Ужо зрабілі прышчэпку ад грыпу 75 % дзяцей, 42,6 % людзей з хранічнымі захворваннямі, 59,4 % медыцынскіх работнікаў, 21,4 % работнікаў адукацыі.

Вакцынавацца ад грыпу яшчэ не позна, а наадварот неабходна кожнаму, хто хоча зберагчы сваё здароўе, запэўнівае галоўны доктар раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Шайбак:

– Вакцынацыя для прафілактыкі грыпу актуальная, яна прадоўжыцца да 1 студзеня 2024 года, у гэты перыяд кожны жадаючы можа атрымаць бясплатную прышчэпку. Раю скарыстацца гэтай магчымасцю, бо, як вядома, захворванне прасцей і танней папярэдзіць, чым лячыць. Пік захваральнасці на вірусныя інфекцыі чакаецца ў студзені-лютым, але і сёння лічбы насцярожваюць: калі за мінулы тыдзень на Дзятлаўшчыне зафіксаваны 199 выпадкаў вострых рэспіраторных інфекцый (121 з іх – дзеці), то толькі за два дні новага тыдня гэта лічба склала 129 выпадкаў. Вакцынацыя – гэта самы надзейны, бяспечны і эфектыўны спосаб абароны супраць інфекцыйных захворванняў.

Па прышчэпку супраць грыпу і COVID-19 можна звярнуцца ў паліклініку, медыцынскую амбулаторыю, фельчарска-акушэрскі пункт па месцы жыхарства. Таксама вакцынацыю ажыццяўляюць выязныя брыгады.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga