Прафесія “вырошчваць хлеб” – самая дастойная і высакародная

Грамадства Свежыя навіны

У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава прайшла дыялогавая пляцоўка ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” на тэму: “Радзіма мая Беларусь у асобах.

У гэтай красе велічнай ёсць доля працы маёй” (пра працаўнікоў прамысловасці і сельскай гаспадаркі).

У сустрэчы  з навучэнцамі 9-11 класаў прыняў удзел першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка.

Старшакласнікі працытавалі словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на сустрэчы з актывам Гомельскай вобласці, што “без вёскі, без зямлі, без сельскай гаспадаркі не пражыць”. Адзначылі, што ў нашых сілах адрадзіць закінутыя палі, вярнуць нашай зямлі ўрадлівасць і сілу. Для гэтага патрабуюцца адукаваныя, беражлівыя людзі, якія ведаюць сваю справу, усёй душой гатовы працаваць на гэтай зямлі. На свеце шмат прафесій, але прафесія “вырошчваць хлеб” – самая дастойная і высакародная, а ў апошні час яшчэ і актуальная.

На сваім прыкладзе Віталій Тадэвушавіч расказаў, як прыйшоў у прафесію, якія асаблівасці работы ў сельскай гаспадарцы, хто і што дапамагло ў прафесійным станаўленні, якія перспектывы чакаюць спецыялістаў у гэтай галіне. Акцэнтаваў увагу на працаўніках вёскі, расказаў аб інавацыйных падыходах у сельскай гаспадарцы, магчымасцях навучання па мэтавых дагаворах з выплатай стыпендыі ад гаспадарак.

Віталій Шулейка нагадаў удзельнікам сустрэчы і пра тое, што не толькі высокія ўзнагароды, званні і пасады сведчаць пра ўклад чалавека ў развіццё сваёй краіны і ён варты высокай ацэнкі. Штодзённая карпатлівая добрасумленная праца, клопат пра сваю сям’ю, актыўная грамадзянская пазіцыя, любоў да сваёй справы, Радзімы, прыхільнасць маральным ідэалам – тое, што, бясспрэчна, можна аднесці да характарыстык лепшых беларусаў.

Госцем навучэнцаў 8-х класаў стала Марыя Слушко, галоўны заатэхнік КСУП “Хвінявічы”. Марыя Сяргееўна – наша зямлячка, паспяховы працаўнік сельскай гаспадаркі, высакакласны спецыяліст, больш за 30 гадоў яна нязменна кіруе жывёлагадоўчай галіной сельскагаспадарчага прадпрыемства “Хвінявічы”. У 2020 годзе Марыя Слушко стала ўладальнікам звання “Чалавек года Гродзенскай вобласці”, была занесена на абласную Дошку гонару. За шматгадовую добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі, прафесіяналізм, высокія паказчыкі ў жывёлагадоўлі, актыўную працу ў прафсаюзным камітэце яна ўзнагароджана нагрудным знакам “За заслугі” Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Яна па праве з’яўляецца прыкладам для пераймання падрастаючаму пакаленню .

Удзельнікі мерапрыемства з выкарыстаннем фармату тэлевізійнага праекта “100 пытанняў даросламу” задалі хвалюючыя іх пытанні госці.

Увазе і абмеркаванню ўдзельнікаў мерапрыемства быў прадстаўлены відэафрагмент інтэрв’ю з Марыяй Слушко напярэдадні святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі.

Школьнікі зрабілі выснову, што дасягненні ў розных галінах народнай гаспадаркі даюць беларусам падставу ганарыцца сваёй краінай і імкнуцца зрабіць яе яшчэ багацейшай і мацнейшай.

Соф’я БОМБЕР,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Наталля БЕЛАУС,
класны кіраўнік 8 “Б” класа сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga