Школьны мерыдыян

Грамадства Свежыя навіны

Якія сакрэты сямейнага шчасця?

У Казлоўшчынскай сярэдняй школе прайшоў чарговы занятак у рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” па тэме “Радзіма мая Беларусь у асобах. Сям’я – пачатак усіх пачаткаў” аб ролі бацькоў у стварэнні ўмоваў для рознабаковага развіцця дзяцей, значэнні сям’і і сямейнага  выхавання. У час яго праз прэзентацыю дзеці пазнаёміліся з людзьмі, паспяховымі не толькі ў прафесійным плане, але і сямейным жыцці, выхаванні дзяцей. У фармаце тэлевізійнага праекта “100 пытанняў даросламу” на пытанні школьнікаў адказвала педагог сацыяльны Ірына Ламака, шматдзетная маці, член ГА “ БСЖ”. Яна пералічыла складнікі сямейнага шчасця: каханне, вернасць, узаемаразуменне, падтрымка, павага, давер, сямейныя традыцыі. Сям’я – гэта месца, дзе ўтульна і спакойна, дзе цябе зразумеюць і падтрымаюць, дапамогуць вырашыць усе праблемы і раздзеляць радасць.

У Дварэцкай сярэдняй школе ў рамках гэтага ж праекта “ШАГ” гаварылі пра тое, як падтрымліваюцца сем’і ў нашай дзяржаве, з якой мэтай праводзіцца ў Беларусі конкурс “Сям’я года”, як ацэньваецца на ўзроўні дзяржавы праца мацярынства. На мерапрыемства была запрошана зямлячка, выпускніца школы, цяпер дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева, шматдзетная маці, якая выхоўвае траіх сыноў. На яе думку, умовы, якія садзейнічаюць у сям’і рознабаковаму развіццю асобы дзіцяці, гэта правядзенне разам вольнага часу, вывучэнне роднага краю, сумесная праца, сямейнае хобі, клопат пра жывёл, цесная сувязь з роднымі, здаровы лад жыцця.

Каб дакрануцца да гісторыі

Навучэнцы Вензавецкай сярэдняй школы адправіліся на экскурсію ў  нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік “Несвіж”. Яна стала своеасаблівым пагружэннем у даўно мінулыя дні. Дзеці адчулі дух былых стагоддзяў, атрымалі асалоду ад старажытных шэдэўраў. Інтэр’еры Несвіжскага палаца ўразілі сваёй раскошай і прыгажосцю, асабліва парадныя залы  – паляўнічая, бальная, партрэтная, камінная, залатая, зброевая, пакоі князя і княгіні.  Пазнаёміліся з гісторыяй дынастыі Радзівілаў, якія пакінулі глыбокі след  у культурнай спадчыне Беларусі.

З клопатам пра адзінокіх пажылых людзей

Навучэнцы Казлоўшчынскай сярэдняй школы прынялі ўдзел у патрыятычным марафоне “А што ты зрабіў для Беларусі?”. Цімураўцы і валанцёры наведалі грамадзян пасёлка, якія пражываюць адзінока, аказалі ім дапамогу ва ўборцы дома, прыдваровай тэрыторыі, дапамаглі сабраць у садзе яблыкі, закупілі неабходныя прадукты.

Таксама на працягу тэматычнага Тыдня бацькоўскай любові ў гэтай школе працавала творчая майстэрня па вырабе паштовак, была арганізавана акцыя “Прызнанне ў любові бацькам ад навучэнцаў”, а таксама кірмаш “Рэцэпты ад татаў”.

Мамы навучэнцаў прынялі ўдзел у спартыўным свяце “Мама+Здароўе=Жыццё”. А сямейныя пасядзелкі адбыліся ў кафэ “#Дружная 7Я”.

Запамінальнае падарожжа

Навучэнцы Дварэцкай сярэдняй школы наведалі горад Гродна. Яны пабывалі ў Старым і Новым замках, даведаліся цікавыя факты з іх гісторыі, паглядзелі экспазіцыі пра выратаваныя  каштоўнасці, зброю мінулых стагоддзяў, жывёльны і раслінны свет Гродзеншчыны. Акрамя гэтага, наведалі  Музей турэмнага быту, у якім расказваецца пра жыццё асуджаных і работнікаў турмы. Ну і зразумела, Гродзенскі заапарк, адзін са старэйшых у Беларусі, які быў заснаваны яшчэ ў 1927 годзе. Уражанняў ад экскурсіі хопіць надоўга.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga