Праект – уласны, падтрымка – дзяржаўная

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Заканамерна, што паляпшэнне асабістых жыллёвых умоваў у кожным асобным домаўладанні – клопат, задача і выдаткі саміх гаспадароў.

Аднак дзяржава не пакідае грамадзян сам-насам з гэтай задачай, падстаўляючы надзейнае плячо і фінансавую “падушку”.

Чарговы прыклад такога сацыяльнага партнёрства – пракладванне каналізацыі па вуліцы Леніна ў Дзятлаве. Заказчыкам работ выступае Дзятлаўскае РУП ЖКГ, якое прадстаўляе інтарэсы ўдзельнікаў кааператыву “Суседзі”, што аб’яднаў жыхароў названай вуліцы. Таму факту, што актуальнае пытанне водаадвядзення будзе поўнасцю вырашана, яны вельмі рады.

– На ўчастку ад вуліцы Чырвонаармейскай да перасячэння з вуліцай Азёрнай усе дамы былі без цэнтральнай каналізацыі. Мы тут жывём 20 гадоў, на працягу гэтага часу самі, як і іншыя жыхары вуліцы, карыстаемся мясцовай каналізацыяй, яна ёсць у кожным двары. Раз на паўгода выклікаем камунальныя службы, каб адкачваць змесціва рэзервуараў. Каб памяняць сітуацыю да лепшага, у мінулым годзе Дзятлаўскае РУП ЖКГ правяло з жыхарамі нашай вуліцы сход, дзе падказала алгарытм дзеянняў. У выніку яго разам з суседзямі мы стварылі спажывецкі кааператыў, ад імя якога Святлана Пузач і Андрэй Конан з нашымі прапановамі звярнуліся ў райвыканкам, пабывалі на прыёме ў кіраўніка вобласці. Праект мы заказалі і аплацілі самі. Істотная сума работ фінансуецца з абласнога бюджэту, астатнюю суму будзем выплачваць у растэрміноўку, – расказвае жыхарка вуліцы Таццяна Ясюлевіч. – Мы вельмі рады, што нарэшце дачакаліся і прайшлі гэты шлях.

– Вядома, цэнтральная каналізацыя – добрая навіна для жыхароў нашага ўчастка вуліцы Леніна! – дадае суседка Аксана Ярмаловіч. – Прыемна, што здолелі пры падтрымцы раённых і абласных уладаў дасягнуць пастаўленай мэты. Рада за сябе і за суседзяў, асабліва пажылых людзей, якіх тут жыве нямала, што жыццё стане больш камфортным.

Як заўважыў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк, кошт работ па пракладванні каналізацыі складзе 59 тысяч рублёў, яго палова выдаткоўваецца з абласнога бюджэту, астатнюю суму ўдзельнікі кааператыву будуць выплачваць у растэрміноўку на працягу трох гадоў на падставе заключаных з РУП ЖКГ дагавораў.

– Работы вядуцца Дзятлаўскім ПМС пад кантролем спецыялістаў раённага вузла сувязі і Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння, чые сеткі камунікацый таксама размешчаны тут, – расказвае Васіль Васільевіч. –Паcля завяршэння праекта на вуліцы будуць абноўлены таксама водаправодныя сеткі з выдачай тэхнічных умоваў на падключэнне гаспадарам кожнага домаўладання.

Прараб Дзятлаўскага ПМС Аляксандр Бандаровіч расказаў аб ходзе работ на аб’екце:

– У планах – пракладванне 227 метраў сетак каналізацыі, ужо выканана 85 метраў, устаноўлены каналізацыйныя калодзежы. У перспектыве – завяршэнне работ да канца лістапада. Сёння на аб’екце працуюць экскаватар і мантажнікі вонкавых трубаправодаў Сяргей Шчэрба і Канстанцін Лішык, на адвозе асфальтавага пакрыцця задзейнічаны аўтамабіль КамАЗ.

Як адзначыў намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Дзедуль, паралельна з пракладваннем каналізацыі вырашаецца яшчэ адно хвалюючае для жыхароў вуліцы Леніна пытанне: прымаюцца меры, каб спыніць падтапленне прысядзібных участкаў грунтовымі водамі і дажджамі. Для гэтага работнікі камунальнай службы ўскрываюць латкі і прачышчаюць сцёкавую канаву даўжынёй каля 8 метраў, якая перасякае вуліцу. Без падняцця бетонных плітаў гэта зрабіць немагчыма, таму на аб’екце працуе “Амкадор”.

Пытанні вырашаюцца там, дзе хочуць іх вырашыць. Гэта адзін з многіх жыццёвых прыкладаў, які  даказвае народную мудрасць: на другіх спадзявайся, але і сам не бяздзейнічай, бо слушная ініцыятыва заўжды будзе падтрымана на раённым, абласным і нават рэспубліканскім узроўнях.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga