Ліст з канверта. Калі дома не сядзіцца

Важнае Культура і адпачынак

У Гезгалаўскай сельскай бібліятэцы-цэнтры экалагічнай культуры ўжо чацвёрты год функцыянуе аматарскае аб’яднанне “Залаты ўзрост”.

Яго з задавальненнем наведваюць людзі пажылога ўзросту, бо тут заўсёды цікава і з карысцю праходзіць час.

На сёння нас ужо чалавек дванаццаць пастаянных яго наведвальнікаў. Тут мы адпачываем душой за кубачкам чаю, дзелімся сваімі жыццёвымі гісторыямі, даём парады адзін аднаму. Прымаем удзел у разнастайных пазнавальных і творчых мерапрыемствах. Так сёлета адбылася сустрэча з мясцовымі паэтамі Аляксандрам Волкавым і Верай Хрышчановіч, а таксама з медыцынскімі работнікамі гаварылі пра тое, як захаваць здароўе ў пажылым узросце, пра карысць скандынаўскай хады, дарэчы, якой  маем намер не на жарт заняцца пад пільным навучаннем медыкаў.

Асабліва вялікі інтарэс выклікала сустрэча “Чым заняцца ў вольны час?”, якую арганізавала для нас удзельніца аб’яднання Галіна Шчыпанава. Яна вельмі творчы чалавек, захапляецца лепкай з палімернай гліны, нават сама яе вырабляе, прызвычаіла да гэтай справы і захапіла ёю спаўна і нас. Пад яе кіраўніцтвам мы рэалізуем свае разнастайныя творчыя задумы: зрабілі прыгожыя падсвечнікі, цяпер працуем над кансоллю ў старажытным вінтажным стылі. А яшчэ усе разам удзельнічаем у афармленні ў бібліятэцы фотазоны. Атрымліваецца прыгожа, незвычайна, працуем дружна і старанна, не шкадуючы свайго часу, а галоўнае, ад гэтых сустрэч маем вялікае задавальненне. А ўсё дзякуючы нашаму кіраўніку і проста цудоўнаму чалавеку вялікай душы бібліятэкару Марыне Грэцкай, якая нас арганізавала і натхняе.

Планаў ужо шмат і на наступны год, абы толькі здароўе не падвяло. Праўду кажуць, у любым узросце ёсць чым заняцца, абы толькі было жаданне.

Ядзвіга УЛАСЕВІЧ,
удзельніца аб’яднання “Залаты ўзрост”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga