З адказнасцю за людзей

Важнае Грамадства

17 лістапада 1923 года Цэнтральным адміністрацыйным упраўленнем Народнага камісарыята ўнутраных спраў РСФСР была зацверджана Інструкцыя ўчастковаму наглядчыку горада. Менавіта яна заклала нарматыўную базу для далейшага развіцця службы.

У наш час участковыя інспектары міліцыі выконваюць практычна ўсе праваахоўныя функцыі органаў унутраных спраў. Яны працуюць з грамадзянамі, якія знаходзяцца на розных уліках, ахоўваюць грамадскі парадак, раскрываюць злачынствы, супрацьстаяць алкагалізацыі і наркатызацыі насельніцтва, разглядаюць заявы. У сваёй нялёгкай справе супрацоўнікі абапіраюцца на трывалы падмурак, які заклалі іх папярэднікі, і вопыт ветэранаў. Складаная, але адначасова яркая 100-гадовая гісторыя службы адлюстроўвае ў сабе развіццё, якое прайшла беларуская міліцыя з моманту ўтварэння і да нашага часу.

Безумоўна, не меншую цікавасць выклікаюць і гісторыі прафесійнага станаўлення саміх участковых інспектараў міліцыі: хтосьці з іх у самым пачатку службовай дарогі, хтосьці – прафесіянал, загартаваны часам, правераны неспадзяванымі службовымі сітуацыямі. Аднак усе яны служаць Радзіме і людзям, робяць свой важкі ўклад у забеспячэнне бяспекі і правапарадку ў нашай краіне. Даведваемся, як праходзяць службовыя будні двух нашых землякоў, якія неаднолькавы час працуюць на розных адміністрацыйных участках.

Крыху больш за год таму ў калектыў дзятлаўскай міліцыі прыйшоў Мікіта Балтрукевіч. Скончыўшы Лідскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы, па прыкладзе старэйшага брата Арцёма, які працуе ў Гродне, хлопец вырашыў таксама прысвяціць сябе прафесіі праваахоўніка, але ўжо на Дзятлаўшчыне. Пасля трохмесячных курсаў у Цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС Рэспублікі Беларусь у Гарані заступіў на службу малодшым участковым інспектарам міліцыі, гэта значыць, быў замацаваны як памочнік за старэйшым вопытным калегам. З “настаўнікам” Мікіту пашанцавала, бо ім стаў сапраўдны прафесіянал сваёй справы – Аляксандр Скварчынскі. Ён пастараўся як мага шырэй азнаёміць малодшага калегу з нюансамі і адметнасцямі работы на адміністрацыйным участку. І гэта дало свае вынікі. Ужо ў снежні 2022 года пачынаючы супрацоўнік атрымаў пагоны малодшага лейтэнанта і быў замацаваны за адміністрацыйным участкам № 4 – Дзятлаўскім сельскім саветам.

– Я ўраджэнец аграгарадка Дварэц, таму знаёміцца з насельніцтвам і тэрыторыяй давялося, як кажуць, “з нуля”, – зазначае Мікіта Балтрукевіч. – Да службы ў міліцыі нават не ведаў усіх назваў вёсак, дзе цяпер рэгулярна даводзіцца бываць. Участак дастаткова вялікі, каб даехаць ад Навасёлак да той жа Пацаўшчыны, даводзіцца скалясіць амаль паўраёна, аднак насельніцтва, а гэта каля 1800 чалавек, адносна спакойнае, “грозных” парушальнікаў няма, хаця ёсць абавязаныя асобы і грамадзяне, якія знаходзяцца на розных відах уліку. Ім прысвячаю больш часу, стараюся часцей праводзіць прафілактычныя размовы і з пажылымі людзьмі, расказваю ім аб махлярах, іншых непрыемных здарэннях, каб самі не сталі ахвярамі падобных злачынстваў.

Служба ў Мікіты Балтрукевіча няпростая, патэлефанаваць па рабоце могуць і ноччу, і ў выхадны дзень, сітуацыі таксама здараюцца самыя розныя, і варта быць гатовым да любых абставінаў. Аднак цесна супрацоўнічаюць з участковым інспектарам міліцыі адміністрацыя сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк”, Дзятлаўскі сельвыканкам, падтрымліваюць яго і старэйшыя калегі. Працаваць у аддзеле і дапамагаць людзям малодшаму лейтэнанту падабаецца, ёсць планы і на кар’ерны рост, а таму ў наступным годзе ён збіраецца паступаць, каб атрымаць у завочнай форме юрыдычную адукацыю. З нагоды свята Мікіта Балтрукевіч жадае сваім саслужыўцам не скарацца перад цяжкасцямі, імкнуцца да прафесійнага росту і берагчы сябе, бо дома чакаюць блізкія, ветэранам міліцыі – бадзёрасці духу і моцнага здароўя.

Другі наш зямляк, старшы ўчастковы інспектар міліцыі Віктар Лазута, у органах унутраных спраў працуе з 1998 года, непасрэдна ў аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі – з 2005-га. За гэты час пабыў на адміністрацыйных участках у Гезгалах, Раготне, шмат гадоў сочыць за парадкам на тэрыторыі Казлоўшчынскага сельскага савета. Працаваць у міліцыі ён вырашыў па прыкладзе бацькі, які прайшоў розныя прыступкі міліцэйскай кар’еры, а на заслужаны адпачынак выходзіў з пасады начальніка аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. А цяпер ужо сын самога Віктара Анатольевіча прадаўжае сямейную дынастыю праваахоўнікаў і вучыцца ў Акадэміі МУС на факультэце міліцыі грамадскай бяспекі.

– Асаблівасці майго адміністрацыйнага ўчастка – гэта сельскае насельніцтва, пераважна пажылое, а паколькі па яго тэрыторыі цячэ рака Шчара і мясціны там маляўнічыя, то вясковыя хаты актыўна выкарыстоўваюць дачнікі. Зразумела, што калі ў такіх населеных пунктах на зіму застаюцца ўсяго па некалькі жыхароў, то астатнія безгаспадарчыя сядзібы прывабліваюць злодзеяў. Падобныя крадзяжы раскрываць няпроста: гаспадары, як правіла, паведамляюць пра іх праз некалькі месяцаў, калі зламыснікаў і след прастыў. Разам з тым, першыя мае памочнікі – гэта адміністрацыя Казлоўшчынскага сельсавета і мясцовых арганізацый, іншыя службы раёна. У цесным супрацоўніцтве стараемся правесці прафілактычную работу так, каб супрацьпраўных замахаў было як мага менш. Самыя ж будзённыя адміністрацыйныя здарэнні – гэта нецвярозае знаходжанне парушальнікаў у грамадскіх месцах. Работа з рознымі катэгорыямі насельніцтва патрабуе ўмення знаходзіць свой падыход да кожнага чалавека, у гэтым мне дапамагаюць гады вопыту, а паказчык таго, што ўсё раблю правільна – простае “дзякуй”, якое кажуць людзі.

За плячыма Віктара Лазуты 25 гадоў службы, сотні бяссонных начэй, экстранных выклікаў, рызыкоўных сітуацый, разам з тым ён не шкадуе, што гэты час прысвяціў службе ў праваахоўных органах і пераважную яго частку – участковым інспектарам міліцыі. Сваім калегам да юбілейнага прафесійнага свята ён зычыць удачы і службовых поспехаў, ветэранам аддзела – моцнага здароўя і актыўнага даўгалецця.

Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны СТЫРНІК, Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga