Дзятлаўшчына маладая. Абараняючы правы іншых, абараняем і свае

Важнае Грамадства

З ініцыятывы раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд” у рамках святкавання 30-годдзя Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці” ў гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшла тэматычная дыялогавая пляцоўка.

У якасці спікераў на яе былі запрошаны старшыня суда Дзятлаўскага раёна Вадзім Дуброўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, галоўны спецыяліст аддзела, яна ж старшыня раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Мікалай Філіповіч.

Удзельнікі форуму пагутарылі аб законах, якія гарантуюць абарону правоў грамадзян нашай краіны і міжнароднай супольнасці, спыніліся на Канвенцыі ААН і Законе Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці”, узгадалі і пра абавязкі. З міні-даследаваннем “Эвалюцыя нарматыўных актаў у галіне правоў дзяцей” прысутных азнаёміла адзінаццацікласніца Вікторыя Шымчык.

У размову ўключыліся і госці.

– Дзяржавай вядзецца сур’ёзная работа для стварэння бяспечных і камфортных умоваў для навучання, – падкрэсліла Марына Лашкоўская. – З апошніх набыткаў нашага раёна – пакупка кабінетаў матэматыкі ў Дварэцкую і сярэднюю школу № 1 горада Дзятлава. Усе без выключэння школы забяспечаны сучаснымі кабінетамі інфарматыкі. Задача дарослых – стварыць умовы, ваша – старанна вучыцца. Дзяржаве патрэбны людзі мэтанакіраваныя, адукаваныя, з цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, якія ведаюць гісторыю, шануюць мінулае, падтрымліваюць сучаснае, імкнуцца да шчаслівай будучыні.

– У нашай краіне створана надзейная сістэма абароны правоў дзяцей, – адзначыла Алена Чайкоўская. – Выпрацаваны алгарытм дзеянняў для дапамогі дзецям, якія засталіся сіротамі або без апекі бацькоў, у тым ліку за мяжой. Для гэтага ў іншай дзяржаве дастаткова звярнуцца ў любое аддзяленне паліцыі або беларускае пасольства.

– На жаль, правы дзяцей захоўваюцца не заўжды, – расказаў Мікалай Філіповіч. – Здараецца, што непаўналетнія падвяргаюцца гвалту як з боку равеснікаў, так і дарослых, у тым ліку сексуальнаму, таму беларускае заканадаўства ў гэтай галіне пастаянна ўдасканальваецца. Многія злачынствы ўчыняюцца ў сацыяльных сетках і інтэрнэце, у іх уцягваюцца дзеці, асабліва небяспечныя для іх прапановы аб хуткіх заробках, бо падлеткі, адгукнуўшыся, могуць стаць закладчыкамі псіхатропаў або далучыцца да экстрэмісцкай дзейнасці.

– Ахова дзяцінства і абарона правоў непаўналетніх у прыярытэце нашай дзяржавы, – зазначыў Вадзім Дуброўскі. – Адзін з паказчыкаў – рэкордна нізкі ўзровень дзіцячай смяротнасці, па якім Беларусь займае 4 месца ў свеце. У рэйтынгу краін шчаслівага дзяцінства мы 35-я. Усе дзеці нашай краіны забяспечаны медыцынскім абслугоўваннем, адукацыяй, знаходзяцца пад усебаковай абаронай дзяржавы. Што тычыцца злачынстваў, учыненых самімі дзецьмі, то назіраецца зніжэнне іх колькасці. Як сведчыць рэспубліканская статыстыка, самыя частыя – гэта крадзяжы, хуліганствы, махрярствы, а таксама злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, прычым учыняюцца яны пераважна ў выхадныя дні ці начны час. Дзеці павінны паважаць правы і законныя інтарэсы іншых грамадзян, бо адказнасць за многія супрацьпраўныя ўчынкі надыходзіць ужо з 14 гадоў. Не рабіце таго, за што потым вам будзе сорамна.

Госці адказалі на пытанні навучэнцаў, топ 5 карысных парадаў гімназістам дала сацыяльны педагог установы Ала Жэгалік, разам моладзь і дарослыя прагледзелі відэафільм “За вамі будучыня”, разгледзелі некалькі жыццёвых выпадкаў і з судовай практыкі, падзякавалі адзін аднаму за змястоўную і цікавую размову.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga