Дзелавы панядзелак. Чалавечы рэсурс – гэта ключ да развіцця

Важнае Улада

Патрыятычнае выхаванне і ідэалагічныя аспекты, работа ў палях і клопат пра спецыялістаў сельскай гаспадаркі, творчыя праекты і прафілактыка тэлефоннага махлярства. Гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага. 

Самы каштоўны капітал

Не адным клопатам пра ўраджай жывуць людзі ў вёсцы. Некаторыя работнікі сельгаспрадпрыемстваў імкнуцца павышаць кваліфікацыю, глыбей вывучаць сваю справу, асвойваць новыя прафесіі. У гэтым годзе на завочным навучанні знаходзяцца тры работнікі АПК Дзятлаўшчыны.

– Гэта імкненне набыць свежыя веды і навыкі ўласціва не кожнаму. Такіх людзей неабходна падтрымліваць фінансава на перыяд сесіі, прадугледзець, па магчымасці, дадатковую стыпендыю, даваць ім рэальны шанц рэалізоўвацца ў сваёй арганізацыі. І гэта датычыцца не толькі сельскай гаспадаркі, а любой сферы, – выказаў настаўленне кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна Андрэй Садоўскі.

АПК – “узбадзёрыцца”

Аграрыі ў лістападзе адчуваюць першую палёгку пасля напружанага перыяду ўборачных работ. Зразумела, што чалавек зямлі заўсёды мае чым заняцца: на палетках раёна вядзецца ўздым зябліва, вывозяцца з палёў цукровыя буракі, завяршаецца вываз саломы ў котках, да “зімоўкі” спецыялісты гаспадарак рыхтуюць кормаўборачную тэхніку.

Старшыня райвыканкама паставіў задачы: спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання – прагледзець эканамічную эфектыўнасць вытворчасці цукровых буракоў у разрэзе гаспадарак раёна і ўлічыць гэта ў будучым планаванні аб’ёмаў пасеваў дадзенай культуры, гаспадаркам цяпер – максімум тэхнікі накіраваць на ўзворванне. Яшчэ на плошчы 2090 гектараў не ўзнята зябліва – прыйдзецца працаваць паскоранымі тэмпамі.

Жывёлагадоўля таксама не застаецца без увагі. З мэтай кардынацыі і дапамогі гаспадаркам па селекцыйна-племянной рабоце, асемяненні маткавага пагалоўя будуць запрошаны на Дзятлаўшчыну спецыялісты Гродзенскага племпрадпрыемства.

Патрыятычнае выхаванне

У краіне ідзе работа па стварэнні рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Узвесці аб’ект плануюць у тры этапы. На першым задумана пабудаваць маштабны комплекс, які складаецца з казармы, зоны летніх палатачных лагераў, ваенна-спартыўных і гульнявых пляцовак. На ўзвядзенне накіравана частка сродкаў, сабраных на рэспубліканскім суботніку.

Дарэчы, работнікі арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна праяўляюць нераўнадушша да памяці аб продках, якія заваявалі Вялікую Перамогу, і далучаюцца да важнай справы – пералічваюць сродкі на адкрыты дабрачынны фонд. Сярод іх Дзятлаўскія лясгас, сельгастэхніка, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, гісторыка-краязнаўчы музей, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, сацыяльна-педагагічны цэнтр, ААТ “Граніт-Агра” і іншыя.

Сезон “палявання”

Размова пра “паляванне” тэлефонных махляроў на звычайных грамадзян. На жаль, марыянеткамі ў руках аферыстаў становяцца не толькі даверлівыя пенсіянеры, але і маладыя людзі, якія добра “шараць” у інтэрнэце, сацыяльных сетках, месенджарах. Спытай іх, з асноўнымі схемамі разводу яны знаёмы, як “Ойча наш” ведаюць, што на званкі з незнаёмых нумароў адказваць не трэба. Але штосьці ламаецца ў іх свядомасці, калі аднойчы тэлефануе які-небудзь “маёр міліцыі” або “супрацоўнік службы бяспекі”. Кожны тыдзень дзятлаўчане папаўняюць спіс ахвяраў тэлефонных махляроў. На мінулым тыдні жыхарка райцэнтра пералічыла ім 25 тысяч рублёў.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga