Cлужу Рэспубліцы Беларусь!

Важнае Грамадства

25 лістапада салдаты новага папаўнення, якія служаць у вайсковых часцях Беларусі, прынеслі ваенную прысягу.

У 11-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе горада Слоніма словы клятвы на вернасць Радзіме ў прысутнасці камандзіраў і начальнікаў, родных і блізкіх прамовілі больш за 350 навабранцаў.

Раздзяліць важную падзею з вайскоўцамі прыехалі іх бацькі, родныя, сябры, уваход для якіх на тэрыторыю часці сёння быў свабодны.

Учарашнія хлопчыкі, а сёння – дарослыя і мужныя абаронцы Айчыны з хваляваннем і гонарам зачыталі важныя ў жыцці кожнага грамадзяніна словы:

– Клянуся годна выконваць воінскі абавязак, мужна і самааддана абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь.

 

Кожны з іх атрымаў віншаванне і традыцыйны падарунак на памяць – фотаздымак на фоне баявога знамені.

Навабранцаў і іх блізкіх з адметнай падзеяй павіншаваў начальнік штаба, першы намеснік камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Аляксандр Лаўрэнаў. Ён адзначыў, што дзень прыняцця ваеннай прысягі надоўга захаваецца ў памяці вайскоўцаў: з гэтага моманту яны сталі паўнапраўнымі воінамі славутага злучэння.

Да віншаванняў далучыліся кіраўніцтва Слонімскага раёна, духавенства.

 

 

У гэты дзень бацькі навабранцаў мелі магчымасць пазнаёміцца з умовамі службы і быту сыноў, нормамі рэчавага і прадуктовага забеспячэння, у клубе бацькі пагутарылі з камандаваннем механізаванага злучэння, дзе атрымалі адказы на ўсе хвалюючыя пытанні. Для гвардзейцаў у гэты дзень быў асаблівы падарунак – першае за перыяд ваеннай службы дзённае звальненне.

Дзятлаўчане, якія прынялі ваенную прысягу, падзяліліся ўражаннямі і сваім настроем, расказалі пра армейскія будні.

Яўген Дораш:

– Праходжу службу ў 11 механізаванай брыгадзе з 11 лістапада. Да службы ў арміі я настройваў сябе на станоўчы лад, але былі перажыванні, як тут што будзе, як я расстануся з роднымі і сябрамі. Але насамрэч цяпер, пасля прыняцця прысягі на вернасць Айчыне, адчуваю сябе камфортна і спакойна. У арміі стала ўсё проста і зразумела, дадалося ўпэўненасці ў сабе. Бацькі многіх навабранцаў хвалююцца, як мы тут, ці хапае ўсяго, шчыра скажу, што прычын перажываць няма. Жывём у казарме, у кожнага ёсць сваё спальнае месца, тумбачка, рамонт у пакоі новы, чыста, зручна. Ужо паспелі пабываць на лекцыях і тактычных занятках – усё новае, але вельмі цікава. Кожны вечар маем гадзіну вольнага часу, якую можам скарыстаць на размову з домам, чытанне кніг, настольныя гульні, творчасць, у 20.30 – калектыўны прагляд вячэрніх навінаў. Прывесці сябе ў парадак, памыць адзенне можна ў спецыяльных пакоях, дзе ёсць усё неабходнае. Як кажуць нашы камандзіры, жыццё ў арміі такое насычанае, што няма калі сумаваць. Наперадзе паўтара года службы, але калі тут спадабаецца, можна праз паўгода перайсці на кантрактную.

Дзмітрый Якшук:

– Ваенная прысяга – гэта не толькі важная для ўсіх салдат падзея, але і магчымасць убачыцца са сваімі роднымі, чаму я вельмі рады. Сёння раздзяліць са мной гэтыя хвіліны прыехалі мама, тата, бабулі, дзядуля, сястра, сябры. За два тыдні службы ўжо пабылі на палігоне, стралялі, займаліся тактычнай падрыхтоўкай. Тэкст прысягі вывучыў хутка, дзякуй за навыкі роднай Новаяльнянскай школе. У паўсядзённым жыцці ўсяго хапае: у пакоях цёпла, кормяць сытна, вольны час выдзяляецца. Камандзіры спагадлівыя, але строгія, сябры таксама ўжо з’явіліся, бо тут шмат дзятлаўскіх. Настрой выдатны, бо армія мне падабаецца, ужо цяпер задумваюся аб прадаўжэнні службы па кантракце.

Размову падтрымлівае бабуля Дзмітрыя Ірына Браніславаўна:

– Сумуем па ўнуку, бо надоўга расстаёмся. Але і адчуванне радасці, гонару, што стаў сапраўдным мужчынам. Няхай служыць у мірнай Беларусі, будзе здаровым, а мы будзем з нецярпеннем чакаць навінаў.

Разам са сваёй сям’ёй на прысягу да сына прыехала Наталля Вянско.

– Іван – другі салдат у нашай сям’і, старэйшы сын ужо адслужыў у паветрана-дэсантных войсках, цяпер працуе ў Мінску. Цяпер надышоў час абараняць Радзіму малодшаму. Сын вучыўся ў Слоніме ў сельгастэхнікуме, тут працаваў па размеркаванні і так атрымалася, што служыць таксама застаўся ў гэтым горадзе. Паўтара года, пакуль мой сын у арміі, я буду спаць спакойна, бо ведаю, што ён у надзейных руках. Ваенная служба і прысяга, якую сёння прынеслі навабранцы – гэта лагічны крок у жыцці кожнага здаровага мужчыны, як садок, школа і наступныя этапы. Разам са мной тут муж, малодшы сын (у старэйшага, на жаль, не атрымалася прыехаць), хросны бацька, Іванавы сябры. Прыехалі ўсе разам павіншаваць нашага салдата і раздзяліць з ім гэты важны дзень.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga