Служыце дастойна! Мы чакаем вас дома

Важнае Грамадства

У лістападзе рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь папоўнілі салдаты новага прызыву, якія праходзяць тэрміновую службу ў розных вайсковых часцях нашай краіны.

Дома абаронцаў Айчыны чакаюць, перажываюць за іх самыя блізкія людзі. Яны расказалі, якім для маладых людзей быў першы месяц службы.

Святлана Каспяровіч:

– Сын Максім прызваўся ў армію 31 кастрычніка, цяпер знаходзіцца ў вучэбцы ў вайсковай часці “Печы” ў Барысаве. Тэлефануе ледзь не кожны дзень, дзеліцца станоўчымі эмоцыямі: там усё новае, яму цікава. Камандаванне і калектыў добразычлівыя, саслужыўцы аднаго ўзросту. Ужо пачаліся вучэбныя мерапрыемствы, стрэльбы, работа з машынамі, цяпер рыхтуюцца да прысягі, якая адбудзецца 25 лістапада, збіраемся ўсе разам туды ехаць. Сынам ганарымся не толькі мы, але і малодшы брат, які пасля школы будзе паступаць у Акадэмію МУС. Як мама, я спакойная і задаволеная: тэлефоны камандавання нам даслалі лістом з часці, я ведаю, як служыць сын, нават тэлеграм-канал ёсць для бацькоў, дзе паказваюцца армейскія будні.

Таццяна Кашко:

– Наш Дзяніс – сяржант запасу, паўгода будзе служыць у Слоніме ў часці 33933, размаўляем з ім па тэлефоне амаль кожны вечар. Хваляванняў няма: як расказвае сын, выдалі новую форму, кормяць добра, у паўсядзённым жыцці парадак, дысцыпліна. Калі выязджаюць на палігон на вучэбныя заняткі, ён папярэджвае нас. Ваеннаслужачых можна наведваць у часці, вельмі зручна, што служба праходзіць недалёка ад дома. Абяцалі, што пасля прысягі “звальняльныя” таксама будуць. Я задаволена, бо ведаю, што на час службы ў арміі лёс сына ў надзейных руках, а мы спакойныя, што наш Дзяніс служыць на абароне Радзімы.

Мікалай Дзікуць:

– Мой сын Мікіта пайшоў у армію месяц таму, праходзіць тэрміновую службу ў Брэсце ў паветрана-дэсантных войсках. У размовах кажа, што крыху складана ўцягвацца ў армейскія будні. Да арміі ён больш захапляўся камп’ютарамі, сядзеў дома, а тут – фізічныя нагрузкі, строгі распарадак і дысцыпліна, задачы камандавання. У Брэсце сын служыць разам з сябрам дзяцінства, спадзяюся, што там у яго з’явіцца яшчэ больш надзейных таварышаў. Мы верым, што ў Мікіты ўсё атрымаецца і армія стане для яго сапраўднай школай жыцця. Не вельмі часта выпадае паразмаўляць па тэлефоне, але я пішу яму лісты ў часць. На прысягу да яго паедзем усёй сям’ёй – усяго 5 чалавек.

Ганна Нікіпорчык:

– З братам Іванам, які цяпер служыць ва ўнутраных войсках у Мінску, куды ён сам вельмі хацеў патрапіць, мы пастаянна на сувязі: сябруем і падтрымліваем адзін аднаго з самага дзяцінства. У Гродне, калі ён вучыўся ва ўніверсітэце, а я ўжо працавала, жылі разам на адной кватэры, прывыклі па жыцці дзяліцца адзін з адным усімі клопатамі і перажываннямі. Таму цяпер, калі брат на службе, ён часта тэлефануе не толькі бацькам, але і мне, расказвае пра вайсковыя будні, дзеліцца ўражаннямі. Настрой у яго пазітыўны, кажа, што кожны дзень даведваецца нешта новае, выпрабоўвае сябе на стойкасць, сілу волі. Складанасці, без якіх не абыходзіцца ні адна сур’ёзная справа, ён успрымае як загартоўку духу і мужчынскага характару. 11 лістапада мы ўсе разам перажылі моманты хвалявання і гонару – пабачылі, як Іван прымае ваенную прысягу, як ён гатовы служыць для дабрабыту нашай краіны і абараняць яе. Падтрымліваем нашага абаронцу ў размовах, перадаём кнігі, пачастункі, з нецярпеннем чакаем дадому.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga