Як мяне назавуць?

Важнае Грамадства

Нараджэнне дзіцяці – вялікая і ўрачыстая падзея ў сям’і.

Паважаныя бацькі, мы падзяляем вашу радасць. І нагадваем не забываць у купе з радасцямі і клопатамі пра афіцыйныя абавязкі па вызначэнні ўласнага імя, імя па бацьку і прозвішча дзіцяці, атрыманне яго першага ў жыцці дакумента – пасведчання аб нараджэнні.

Для гэтага трэба на працягу 3-х месяцаў з дня нараджэння дзіцяці зарэгістраваць яго ў органах ЗАГС па месцы нараджэння дзіцяці або па месцы жыхарства бацькоў.

Прозвішча дзіцяці вызначаецца прозвішчам бацькоў. Прысваенне двайнога прозвішча дапускаецца ў выпадку, калі такое носяць бацькі (адзін з бацькоў). Але, магчыма, паважаныя тата і мама, у вас розныя прозвішчы, тады з вашай згоды дзіцяці будзе прысвоена прозвішча аднаго з вас. Калі вы не зможаце дагаварыцца, чыё прозвішча будзе насіць ваша дзіця, за вас гэта вырашыць орган апекі і папячыцельства.

Выбар імя – задача няпростая. Раім вам выбраць такое, якое будзе сугучна як з прозвішчам, так і з імем па бацьку, і выдатна, калі яны лёгка вымаўляюцца, бо імя чалавеку даецца на ўсё жыццё. Яно можа быць дадзена любое, але не павінна супярэчыць нормам грамадскай маралі, нацыянальным традыцыям. Дзіцяці могуць быць дадзены не больш за два ўласныя імёны (напрыклад, Ганна Марыя). Пры гэтым, імя, запісанае ў акце аб нараджэнні першым, лічыцца асноўным.

З імем па бацьку ўсё прасцей. Яно прысвойваецца па ўласным імені бацькі.

Дарэчы, у Дзятлаўскім раёне за 9 месяцаў 2023 года нарадзілася 81 дзіця: 40 хлопчыкаў і 41 дзяўчынка. Найбольш папулярныя жаночыя імёны, якімі бацькі называлі сваіх дзяцей: Аліса, Ганна, Марыя, Сафія. Сярод рэдкіх імёнаў – Аглая, Аміна, Рэйніра, Сатвія.

Хлопчыкам часцей за ўсё давалі імя: Мацвей, Арцём, Багдан, Марк. Немаўлятамі з рэдкім мужчынскім імем у нашым раёне сталі Адам, Елісей, Фёдар і Эльдар.

Кацярына ВАНІСЛАЎЧЫК,
начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga