Дзятлаўчане наведалі прэм’ерны паказ кінастужкі “На другім беразе” (+відэа)

Галоўнае Грамадства

14 верасня ў кінатэатры “Спадарожнік” горада Дзятлава стартавала нацыянальная прэм’ера гістарычнай драмы “На другім беразе” рэжысёра Андрэя Хрулёва вытворчасці кінастудыі “Беларусьфільм”.

Праз лёс галоўнага героя паказваюцца падзеі, якія разгарнуліся ў Заходняй Беларусі ў 1925 годзе: народныя хваляванні, партызанская вайна, жорсткае падаўленне любых спробаў захаваць нацыянальную ідэнтычнасць.

Цікава, што першапачаткова карціну планавалі назваць “Мы адзіныя”, але пасля было прынята рашэнне даць больш паэтычную назву. “На другім беразе” нясе глыбокі гістарычны сэнс: як вядома, мяжа паміж Заходняй і Савецкай Беларуссю праходзіла па беразе ракі Нёман. І атрымалася, што на адным беразе жыхары пакутавалі ад акупантаў, а на іншым, нягледзячы на мінулыя войны, працягвалі будаваць новае жыццё. Таму для назвы вырашылі выкарыстаць такую алегорыю.

Аднымі з першых навінку ўбачылі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, вучні школ горада Дзятлава.

Госці прэм’ернага паказу падзяліліся сваімі ўражаннямі і эмоцыямі ад убачанага.
Віталій Юрго, пракурор Дзятлаўскага раёна:
– Беларускі народ шматпакутны і разам з тым непахісны. Ён спаўна адчуў на сабе жахі польскай акупацыі. Нашы дзяды з болем успамінаюць, што адбывалася на роднай зямлі ў той час, як жылося людзям. Фільм “На другім беразе” — гэта не проста кінастужка, ён адносіцца да ліку праектаў, важных для грамадства, асабліва для моладзі. Беларусь памятае, у нас нішто не забыта.
Алена Васкель, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”:
– Фільм гістарычны, але вельмі актуальны для нашага часу, калі мы вымушаны задумацца не толькі аб тэме адзінства Беларусі, але яшчэ і аб аб’яднанні нашых сем’яў. У грамадстве даўно не абмяркоўвалася, што адбывалася без малога 100 гадоў таму з жыхарамі Заходняй Беларусі, таму фільм у гэтым плане можна лічыць прарывам.
Аляксандр Дубовік, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:
– Фільм вельмі спадабаўся, выклікаў адчуванне болю за гэты перыяд гісторыі Беларусі і гонар за нашых продкаў, якія цаной свайго жыцця адстаялі мір, адзінства роднай краіны. Дастойная ігра як вопытных беларускіх акцёраў, так і ўзыходзячых зорак айчыннага кіно. Яны выдатна паказалі станаўленне галоўных герояў як грамадзян сваёй краіны. Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх дзятлаўчан ад вялікай сям’і прафсаюзаў з надыходзячым святам – Днём народнага адзінства. Жадаю, каб наша адзінства з кожным годам толькі больш умацоўвалася. А гэта, як кажа Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, будзе тады, калі кожны будзе шчыра і сумленна працаваць на сваім месцы.
Марыя Раеўская, настаўніца сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава:
– Выдатны гістарычны фільм, які паказвае мужнасць і стойкасць беларускага народа на шляху да самавызначэння і незалежнасці. Таксама ён вучыць нас ні ў якіх абставінах не страчваць веру, надзею і любоў. Акцёрская ігра на вышыні, вельмі дастойная. Прыгожыя, шчырыя галоўныя героі, я да апошняга моманту перажывала за братоў Паўла і Антона Смолічаў, іх сяброў, якія хацелі зусім простага: жыць побач са сваімі блізкімі на радзіме, не падзеленай мяжой.

 

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga