Твой шлях, камсамол, – шлях адвагі і доблесці…

Важнае Грамадства

Напярэдадні 105-годдзя Ленінскага камсамолу ў Рэспубліцы Беларусь ладзяцца сустрэчы ў фармаце дыялогаў пакаленняў.

Дзятлаўшчына не стала выключэннем. 26 кастрычніка ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці форум “Камсамолу – 105. Эстафета пакаленняў” аб’яднаў кіраўніцтва раёна, актывістаў і лідараў ГА “БРСМ” і ГА “БРПА”, байцоў студэнцкіх атрадаў, ветэранаў камсамолу розных гадоў. Яркую, напоўненую ўспамінамі і патрыятычнымі песнямі праграму падрыхтавалі для гасцей артысты аддзела народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці.

Вядучая форуму Анастасія Голуб нагадала прысутным, што Усесаюзны Ленінскі камуністычны саюз моладзі быў заснаваны 29 кастрычніка 1918 года ў Маскве на І з’ездзе камсамолу. Сярод яго слаўных спраў – удзел у аднаўленні краіны пасля грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, будаўніцтва БАМа і іншае, нездарма на сцягу арганізацыі – 6 дзяржаўных узнагародаў: ордэн Чырвонага Сцяга, ордэн Чырвонай Зоркі, тры ордэны Леніна, ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі. У нашай краіне слаўную эстафету ад свайго папярэдніка пераняў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які прадаўжае лепшыя традыцыі камсамолу.

– З камсамолам звязаны самыя буйныя будоўлі Савецкага Саюза, падняцце цаліны, ужо не кажучы пра яго ролю ў час ваеннага ліхалецця, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – Хочацца, каб цяперашнія пераемнікі гэтай арганізацыі, члены ГА “БРСМ”, ведалі гісторыю моладзевага руху і дасягненні, якімі ганарыліся іх бабулі і дзядулі, каб і яны рабілі ўсё магчымае, што будзе спрыяць развіццю нашай Радзімы – Рэспублікі Беларусь. Няхай наша краіна працвітае, застаецца суверэннай і шчаслівай.

З пажаданнямі да моладзі звярнулася і былы ІІІ сакратар Дзятлаўскага райкама камсамола Галіна Чура:

– Ведаю з уласнага вопыту і артыкулаў раённай газеты, што вы робіце шмат карысных спраў. Жадаю, каб і надалей заставаліся такімі ж актыўнымі, каб скарбонка дасягненняў папаўнялася важнымі справамі на карысць Радзімы. Жывіце цікава, так, каб вам было што расказаць будучым дзецям і ўнукам.

Дыялог пакаленняў прадоўжыў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка:

– Я таксама паспеў уступіць у камсамол, пакуль існавала гэта ўнікальная, не маючая аналагаў у гісторыі моладзевая арганізацыя. Яна была сапраўднай школай выхавання, навучыла нас актыўнай жыццёвай пазіцыі, дапамагла знайсці шлях у жыцці. Сёння можна сказаць, што камсамольцамі розных гадоў зроблена шмат запатрабаванага, што служыць маральным арыенцірам і для сучаснай моладзі. Віншую ўсіх, хто малады душой, не губляе веры ў лепшае, жыве і працуе дзеля дабрабыту людзей.

Эстафету пажаданняў пераняла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель:

– Нашы ветэраны працы, камсамольцы мінулых гадоў з’яўляюцца членамі многіх цяперашніх грамадскіх аб’яднанняў, займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю. Нізкі ім за гэта паклон! Жадаю ўсім міру і дабра, а моладзі – аптымізму і ўдачы.

Алена Васкель уручыла памятныя падарункі ветэранам камсамольскага руху Галіне Чура, Святлане Якаўчык, Ірыне Жэгала.

У дыялог пакаленняў уключылася першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:

– 105 гадоў святкуе вялікая арганізацыя, якая выхавала не адно дастойнае пакаленне. Дзякуй вам, ветэраны-камсамольцы, што вы заўжды побач, падстаўляеце нам плячо. Спадзяюся, што наша сяброўства, творчасць, любоў да справы і надалей паспрыяюць працвітанню нашай малой і вялікай Радзімы.

Кацярына Хілімончык уручыла падарункі ветэранам камсамолу Ганне Скрундзь і Галіне Баковіч.

Кожны з прысутных камсамольцаў мінулых гадоў для цяперашніх удзельнікаў моладзевага руху ГА “БРСМ” таксама ўзгадаў самыя яркія і важныя падзеі сваёй маладосці.

Ганна Скрундзь:

– Камсамольцы ў школе былі лідарамі, таму павінны былі заставацца паспяховымі і ў працы, і ў вучобе, і ў дысцыпліне. Калі хто-небудзь адставаў па прадмеце, яго замацоўвалі за больш моцным вучнем, так мы дапамагалі адзін аднаму, былі вельмі дружныя.

Галіна Баковіч:

– Сапраўды, мы жылі ў моцнай і дружнай камсамольскай сям’і, дзе старэйшыя шэфствавалі над малодшымі, у пашане была ўзаемадапамога. За поспехі і актыўнасць у грамадскіх справах нас адзначалі.

Галіна Чура:

– Паступленне ў рады УЛКСМ праходзіла ў форме сур’ёзнага іспыту, які ў моладзі прымалі камсамольцы-лідары. Трэба было ведаць асноўныя падзеі з жыцця арганізацыі і палітычнага жыцця краіны, быць годным чалавекам. Здаралася, што “экзамен” вытрымлівалі не з першага разу. Вельмі цікава праходзілі піянерскія вогнішчы, запамінальнымі былі пленумы, калі камсамольцы трымалі ўрачыстую справаздачу аб сваёй рабоце, яркімі – спартыўныя камсамольскія святы.

Святлана Якаўчык:

– Мы ў школе рыхтавалі тэматычныя вечарыны – вучылі вершы, біяграфіі паэтаў, а потым танцавалі пад пласцінкі. На навагоднія карнавалы з дапаможных матэрыялаў майстравалі сабе касцюмы, было цікава. За ведамі і кнігамі беглі ў бібліятэку. З сабой я прынесла чорна-белыя здымкі, на якіх камсамольскія сустрэчы, суботнікі, будатрады, зорныя паходы.

Ірына Жэгала:

– У райкам камсамола я прыйшля 35 гадоў таму. Першым сакратаром быў Валерый Саўко, другім – Аляксандр Кахновіч, сакратаром – Тэрэза Ляпешка. На жаль, многіх ужо няма. Запамінальна праходзілі турыстычныя злёты, камсамольскія сходы. Нашымі старэйшымі сябрамі і надзейнай падтрымкай быў райкам партыі. Вам, маладыя людзі, таксама жадаю, каб і ў вас усё было цікава, каб вам хацелася жыць і працаваць.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: