Не забудзьце пра мабільны тэлефон

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

У выхадныя дні многія адпраўляюцца ў лес па грыбы і ягады. На жаль, многія дрэнна арыентуюцца ў лесе, таму ёсць высокая верагоднасць заблудзіцца, а мабільны тэлефон пад рукой можа быць адзіным памочнікам, каб вярнуцца дадому.

Беручы мабільнік з сабой, праверце наяўнасць станоўчага балансу на рахунку і абавязкова падзарадзіце тэлефон. Памятайце, што выклік экстраных службаў па нумары “112” можна зрабіць нават у тым выпадку, калі не ловіць сетку аператара або калі на рахунку адмоўны баланс.  Не забудзьцеся папярэдзіць блізкіх пра тое, куды вы плануеце ісці, у які бок лесу, калі плануеце вярнуцца назад.

Нават адпраўляючыся ненадоўга ў лес, вазьміце невялікі запас ежы і пітной вады, а таксама запалкі, нож, медыкаменты першай неабходнасці. Адзенне апранайце яркага колеру.

Калі заблукалі і не можаце выйсці на сувязь, успомніце які-небудзь арыенцір на вашым шляху (раку, возера, чыгунку) і паспрабуйце ўспомніць шлях да яго. Пакідайце за сабой сляды: засечкі на ствалах дрэваў, зламаныя галінкі. Адшукаць дарогу да населенага пункта таксама вам дапамогуць гукі: брэх сабакі, шум цягніка, машын і іншых транспартных сродкаў.

Не варта выбірацца з лесу ноччу: пачынае цямнець – лепш займіцеся ўладкаваннем месца для начлегу. Для гэтага падыдзе яма ад вывернутага з коранем дрэва. З галінак зрабіце подсціл. Самае галоўнае –  не панікуйце і не губляйце самавалодання.

Дзмітрый БОБІН,

інспектар Дзятлаўскага РАНС