“Таленты ХХІ стагоддзя” – у Новаяльнянскай школе

Важнае Грамадства

Педагогі і вучні Новаяльнянскай сярэдняй школы прынеслі нямала важкіх узнагародаў у скарбонку Дзятлаўскага раёна.

Чарговая з іх заваявана на конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя”, які нядаўна прайшоў на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Ён сабраў амаль 300 маладых вынаходнікаў. Гэта былі беларусы з усіх абласцей краіны і горада Мінска і расіяне з 16 суб’ектаў Федэрацыі ва ўзросце 14-18 гадоў. З 2009 года конкурс праводзіцца па чарзе на тэрыторыі абедзвюх краін адзін раз у два гады і ахоплівае работу 7 секцый.

Наш зямляк, адзінаццацікласнік Новаяльнянскай сярэдняй школы Павел Аблажэй у секцыі “Тэхнічнае канструяванне” адзначаны дыпломам ІІІ ступені за праект “Бесплацінная водаваротная міні-ГЭС”, распрацаваны пад кіраўніцтвам педагога Сяргея Сокала.

Павел расказаў пра свой шлях да поспеху:

– З гэтым жа праектам мы атрымалі перамогу ў конкурсе “Энергамарафон”, таму, калі даведаліся пра конкурс Саюзнай дзяржавы, вырашылі таксама ў ім паўдзельнічаць. Сталі пераможцамі на абласным адборачным этапе іспытаў і 24-30 верасня былі запрошаны ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, дзе ладзіўся фінал. Сумленна кажучы, асабіста мне было вельмі важна атрымаць карысны вопыт выступлення на падобных мерапрыемствах, паказаць сябе, дастойна абараніць праект, паглядзець на іншых, пачуць думкі і меркаванні дзеячаў навукі нашай і суседняй краін, якія могуць дапамагчы, падказаць, скіраваць. Безумоўна, не менш прыемным “бонусам” стаў дыплом “бронзавага пераможцы”.

– Якія далейшыя планы? Ці мяркуеш звязаць будучую прафесію з тэхнічным канструяваннем?    

– Наперадзе яшчэ некалькі конкурсаў, таму ёсць магчымасць удасканальваць работу і займаць новыя прызавыя месцы. Што тычыцца жыццёвага выбару, то я спадзяюся стаць студэнтам медыцынскага ўніверсітэта, а вось маё захапленне тэхнічнымі распрацоўкамі і навукай дапамагае пашыраць кругагляд і ўсебакова развівацца, што таксама не лішняе для кожнага з нас. У свой час цікавасць прывяла мяне ў навуковае таварыства “Веста”, якое шмат гадоў працуе ў Новаяльнянскай школе і дае навучэнцам магчымасць займацца даследчай дзейнасцю. З Сяргеем Уладзіміравічам удзельнікі таварыства працавалі над многімі праектамі, якія ў далейшым прынеслі перамогі ў конкурсах рознага ўзроўню.

– Чым цікавы праект “Бесплацінная водаваротная міні-ГЭС”?

– Пакуль што такі тып электрастанцый не выкарыстоўваецца ў эканамічным сектары Рэспублікі Беларусь, хаця мы не выключаем, што асобныя энтузіясты-канструктары нешта падобнае маглі рэалізаваць на сваіх прыватных участках. Актуальнасць бесплацінных водаваротных гідраэлектрастанцый у тым, што яны фінансава незатратныя, эканамічна выгадныя, экалагічныя. Безумоўна, для ўжывання яны больш падыходзяць у прыватным сектары і на невялікіх сельскагаспадарчых аб’ектах. Каб іх пабудаваць, неабходны невялікі перапад узроўняў вады і цячэнне. На вялікіх рэках такога не атрымаецца, больш прыдатныя рачулкі і ручаі, якія сустракаюцца ў тым ліку і на Дзятлаўшчыне. Мяркую, журы пры ацэнцы зацікавіў не толькі эканамічны складальнік нашага праекта, але і яго грунтоўнае тэарэтычнае апісанне, а таксама практычная рэалізацыя.

– Якія ўражанні ад конкурсу і чаго пажадаеш равеснікам?

– Самыя станоўчыя. Падобныя мерапрыемствы даюць удзельнікам магчымасць пазнаёміцца з сапраўды цікавымі людзьмі, з якімі можна абмеркаваць не толькі навуковыя, але і многія жыццёвыя тэмы. Парадавала, што журы падказала, як яшчэ можна ўдасканаліць работу над праектам, з’явіліся новыя ідэі, таму будзем развівацца. Сваім равеснікам хачу сказаць, што ўсіх пастаўленых мэтаў можна дабіцца, аднак для гэтага патрэбны час, намаганні і старанні, без якіх нічога не атрымаецца.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі конкурсу      

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: