Шанц на роўныя магчымасці

Галоўнае Грамадства

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшоў семінар-вучоба па ўдасканаленні работы па рэабілітацыі і сацыяльнай абароне інвалідаў, стварэнні ўмоваў для забеспячэння ім роўных магчымасцяў у грамадстве.

Удзел у пасяджэнні прымалі галоўны спецыяліст камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Наталля Таўрэль, старшыня абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Ірына Новікава, прадстаўнікі раённых аб’яднанняў “БелТІЗ” і “БелТІ”, спецыялісты сацыяльных установаў, зацікаўленых службаў.

Як рэалізуюцца мерапрыемствы па забеспячэнні даступнасці аб’ектаў у рамках падпраграмы “Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асобаў” Дзяржаўнай праграмы “Сацыяльная абарона” на 2021-2025 гады расказала дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. Адзначыла, што на Дзятлаўшчыне функцыянуе і курыруе такую работу раённы міжведамасны савет па правах інвалідаў, пасяджэнні якога праходзяць штоквартальна з абмеркаваннем самых розных пытанняў, у тым ліку такіх як інклюзіўны турызм, магчымасці прыцягнення інвалідаў да мерапрыемстваў фізкультурна-аздараўленчай скіраванасці, здаровага ладу жыцця і іншых. Шмат выканана па забеспячэнні безбар’ернага асяроддзя, ужо поўнасцю даступныя ў Беларусі больш за 18 % аб’ектаў, 70 % – абсталяваны элементамі безбар’еру (пандусы, парэнчы). Асаблівы акцэнт робіцца на інвалідаў па зроку, бо колькасць такіх людзей у апошнія гады расце, безумоўна, не пакінуты па-за ўвагай і іншыя катэгорыі. Найчасцей работы ажыццяўляюцца ў час капітальнага рамонту. Напрыклад, у гэтым годзе на Дзятлаўшчыне было запланавана арганізаваць даступнае асяроддзе на 5-і аб’ектах: Жукоўшчынскім і Вензавецкім ФАПах, у Казлоўшчынскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў, 2-х аб’ектах капрамонту жыллёва-камунальнай гаспадаркі – шматкватэрных жылых дамах № 10 і № 2 аграгарадка Гезгалы. На 4-х работы завершаны, да канца года будуць скончаны на апошнім (доме № 2 у Гезгалах), а новыя пачаты ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Агучыла Таццяна Нікіпорчык і яшчэ адно актуальнае пытанне: паколькі першымі аб інваліднасці дзяцей даведваюцца медыкі, то яны абавязаны цікавіцца ў законных прадстаўнікоў аб магчымасці перадачы такой інфармацыі ў іншыя органы, каб матулі ведалі аб ільготах і дзяржгарантыях, а з дзецьмі мог весці работу раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Цэнтр сацабслугоўвання, іншыя структуры соцыуму.

Другая частка семінару-вучобы была прысвечана маніторынгу аб’ектаў раёна на прадмет стварэння безбар’ернага асяроддзя. Увагу звярталі на наяўнасць і размяшчэнне моўных інфарматараў, візуальных маркераў, шыльдачак са шрыфтам Брайля, наяўнасць пандусаў і парэнчаў, папераджальных і накіроўваючых палосаў, кнопак выкліку персаналу, акцэнтавалі ўвагу і на самых тыповых памылках пры забеспячэнні безбар’еру.

Вынікі сустрэчы падвяла Таццяна Нікіпорчык, адзначыла, што даступная інфраструктура – гэта важная ўмова паўнацэннага жыцця ўсіх членаў грамадства, тым больш што назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці інвалідаў і фізічна аслабленых асобаў, людзей пенсійнага ўзросту, значыць, пытанне не губляе сваёй актуальнасці. Наша краіна паступова павінна развівацца ў гэтым кірунку, а здаровым людзям варта ведаць, як сябе паводзіць, як дапамагаць уразлівым катэгорыям, таму падобныя семінары і сустрэчы застаюцца запатрабаванымі.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga