ГрадусПлюс. Сабе – парадак. А суседзям што?

Важнае Грамадства

На добраўпарадкаванне прысядзібных тэрыторый і вуліц дзятлаўчан натхніла не толькі пацяпленне і надыходзячае свята Вялікадня, але і месячнік па санітарнай ачыстцы, уборцы, азеляненні горада і населеных пунктаў раёна, які стартаваў на Дзятлаўшчыне 25 сакавіка.

Ці ўсе жыхары райцэнтра ў парадку, высвятляла пастаянная міжведамасная група, у састаў якой увайшлі памочнік доктара гігіеніста Людміла Рудзік, намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Васіль Мудры, майстар па добраўпарадкаванні Дзятлаўскага РУП ЖКГ Наталля Скібінская.

Праехалі і прайшлі згодна з намечаным маршрутам, у якім пазначаны цэнтральныя і аддаленыя вуліцы горада, парк адпачынку, гаражны кааператыў і цэнтр горада з яго цікавымі завулкамі і патаемнымі месцамі.

“Зачапіцца” воку было за што: калі з аднаго боку па ўсім відаць, што людзі ўзмоцненымі тэмпамі прыбіраюць свае падворкі, то за іх межамі – звалкі смецця, будаўнічых матэрыялаў, жвіру, галля, леташняй травы і яшчэ шмат чаго іншага. Часам складваецца такое адчуванне, што людзі, ачысціўшы ўласны падворак, усё непатрэбнае проста перанеслі праз дарогу. У ходзе гутаркі з інспектарамі дзятлаўчане прызнавалі праблему і абяцалі выправіць.

Гаражны кааператыў парадаваў чысцінёй, парадкам, наяўнасцю кантэйнерных пляцовак, якія своечасова ачышчаюцца.

А вось цэнтр горада, дзе заўжды шмат людзей, а на канікулах і дзяцей, засмуціў і прымусіў задумацца. У парку – свежыя сляды ўсемагчымых пакункаў ад дзіцячых прысмакаў, па-вандальску расплюшчаная вулічная сметніца, у якую ўжо немагчыма нічога выкінуць, шклянкі і бляшанкі па набярэжнай і ўзбочыне вуліц. Відаць, аматары алкагольных напояў навучыліся займацца сваім хобі на хаду і тут жа пазбаўляцца ад улік, дзе давядзецца.

Затое “зачыніўся” бар пад адкрытым небам, пра які зусім нядаўна пісалі ў раёнцы. Месца агароджана сеткай, цяпер тут парадак.

Як адзначыла камісія, набалелай застаецца праблема добраўпарадкавання тэрыторыі за Домам быту, якую ў самы найбліжэйшы час вырашаць камісійна.

Па выніках праверкі і фотафіксацыі будзе аформлена і адрасавана на райвыканкам адпаведная справаздача, пасля якой у некаторых адбудзецца сур’ёзная размова з органамі ўлады. А пакуль Людміла Рудзік агучыла папярэднія вынікі праверкі:

– На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца месячнік па навядзенні парадку, а таму асаблівая ўвага надаецца санітарнаму ўтрыманню земляў. Рабочая група рэгулярна праводзіць праверкі, ацэначныя і наглядавыя мерапрыемствы аб’ектаў і суб’ектаў раёна ў Дзятлаве і ўсіх сельскіх саветах. У рамках месячніка такія мерапрыемствы праходзяць рэгулярна, сёння другое па ліку. У ходзе праверкі мы бачылі, што ўжо на цяперашні момант праведзена грунтоўная работа па навядзенні парадку, якая не перапыняецца. Разам з тым, снег пасля зімы сышоў, адкрыўшы ўсе праблемныя ўчасткі, звалкі, недапрацоўкі, якія гаспадары адклалі на потым нават з мінулага года. Усё гэта трэба будзе ліквідаваць. Упэўнена, што большасць пытанняў вырашаць масавыя суботнікі, якія пройдуць у межах месячніка, але і кожнаму дзятлаўчаніну не варта забываць аб персанальнай адказнасці за парадак перад горадам, раёнам, землякамі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga