Расказаць і паказаць, што такое нацызм, якую пагрозу ён нясе чалавецтву – мэта сустрэч, якія праходзяць у працоўных калектывах Дзятлаўшчыны з ініцыятывы пракуратуры Дзятлаўскага раёна і аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама ў рамках аналагічнага агульнарэспубліканскага праекта.
На гэты раз пракурор Віталій Юрго і начальнік аддзела Вольга Рагачова сустрэліся з працоўным калектывам ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, каб зрабіць экскурс у гістарычнае мінулае і данесці да людзей праўдзівую і аб’ектыўную інфармацыю.
– Прадаўжаецца расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе, – адзначыў Віталій Юрго. Дзякуючы раскопкам, якія вядуцца на сучасным этапе, “праліваецца святло” на трагічныя ваенныя падзеі, у тым ліку на Дзятлаўшчыне. Так, у жніўні-верасні 2021 года, ліпені 2022 года ў Наваельні працаваў 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён, які падняў на паверхню астанкі дзясяткаў расстраляных мірных жыхароў, якія пазней з ушанаваннямі былі перапахаваны.
Каб супрацьстаяць скажэнню гістарычнай праўды, абарона якой закладзена ў Канстытуцыі нашай дзяржавы, у Беларусі ўдасканальваецца заканадаўства, вядзецца шырокая інфармацыйная, адукацыйная і выхаваўчая работа. Да работнікаў сельгастэхнікі госці таксама прыйшлі не з пустымі рукамі. Яны прадставілі ўдзельнікам сустрэчы відэастужку з дакументальнага цыкла “Без тэрміну даўнасці” аб генацыдзе мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga