Музейнымі ваеннымі дарогамі

Грамадства Свежыя навіны

Прыязджаючы ў любы горад, я перш за ўсё імкнуся наведаць мясцовыя музеі.

У іх засяроджана і манументальна захавалася сама гісторыя старонкі, краю, рэгіёна. У іх нібы спынілася і адначасова жыве само дыханне часу. Асаблівы гонар, патрыятызм адчуваеш у ваенным музеі. І як добра, што залы, пакоі,  экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, ёсць амаль ва ўсіх гісторыка-патрыятычных музеях Беларусі. Больш таго, ваеннныя экспазіцыі адкрыты ў многіх школах краіны, не можа не радаваць, што там эксурсіі праводзяць юныя эксурсаводы.

Тут мы бачым бясцэнныя рарытэты, знаёмімся з ваеннымі хронікамі гарадоў, пасёлкаў і вёсачак Беларусі. Тут захоўваюцца ўспаміны салдат, партызанаў і падпольшчыкаў, вязняў лагераў і мірных жыхароў.Перад наведвальнікамі паўстаюць як драмы асобных жыццяў, так і трагедыя ўсяго беларускага народа. Тут мы знаёмімся з тымі маленькімі перамогамі, з якіх і складалася Вялікая Перамога. І як добра, што кожны раён нашай Бацькаўшчыны захоўвае гэтую святую памяць. Як самыя дарагія госці тут сёння і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца менш.

Я раю кожнаму, хто падарожнічае па Беларусі, абавязкова наведваць ваенныя музеі, сур’ёзна  знаёміцца з калекцыямі, прыводзіць у музеі сваіх дзяцей і ўнукаў. Нам, беларусам, ні на хвіліну нельга забываць, што ў гэтыя страшныя гады Беларусь страцілакалятрохмільёнаў чалавек, у тым ліку амаль 50 тысяч партызан і падпольшчыкаў. На тэрыторыі краіны дзейнічалі 250 лагераў смерці, сярод якіх сумна вядомы “Трасцянец”.

Нядаўна я пабываў у  Гомельскім музеі ваеннай славы, які  быў створаны 16 лютага 2004 года, а 25 красавіка 2005 года быў адкрыты поўны комплекс ваенна-гістарычнай экспазіцыі. Экспанаты адлюстроўваюць ваенную гісторыю Гомельшчыны са старыжытнасці да нашых дзён.

У горадзе над Дзвіной добра вядомы Віцебскі  музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова. У музеі я даведаўся  пра дзіцячыя і юнацкія гады М. П. Шмырова, яго працоўную і грамадскую дзейнасць у даваенны перыяд, арганізацыю партызанскага руху на тэрыторыі былога Суражскага раёна ў Вялікую Айчыннную вайну. У музеі  ёсць матэрыялы пра ўзаемадзеянне партызан і лётчыкаў 105-га асобнага гвардзейскага ордэна Аляксандра Неўскага Панявежскага авіяпалка, пра вызваленне Віцебска ў выніку аперацыі “Баграціён”.Працягам экспазіцыі з’яўляецца мемарыяльны парк, размешчаны побач з будынкам музея.

Завіталі мы з сябрамі і ў музей бітвы за Днепр, што быў адкрыты ў Лоеве 9 мая 1985 года ў гонар 40-годдзя Перамогі. Разам з пляцоўкай баявой тэхнікі на беразе Дняпра ён стаў мемарыяльным помнікам усім удзельнікам Дняпроўскай аперацыі. Фонд налічвае звыш чатырох тысяч экспанатаў.

Мне пашчасціла тройчы наведаць музей абароны Брэсцкай крэпасці. У фондах музея захоўваюцца ўнікальныя прадметы з раскопак, асабістыя рэчы, якія належалі абаронцам крэпасці.  І ў ХХІ стагоддзі мы не можам не ганарыцца гераізмам воінаў Брэсцкага гарнізона. Акрамя таго,у музеі абавязкова раскажуць і пра чалавека, які адкрыў для шырокай грамадскасці  герояў крэпасці – гэта пісьменнік Сяргей Смірноў.

У Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны я пабываў ужо чатыры разы. Гэта адзін з найбуйнейшых ваенных музеяў, адзін з самых важных нацыянальных  цэнтраў патрыятычнага выхавання. Ён размешчаны  каля абеліска “Мінск – горад-герой”. Музей са стэлай складае адзіны функцыянальны і архітэктурны ансамбль. Адметна, што  будынак складаецца з чатырох асноўных блокаў, якія сімвалізуюць чатыры гады вайны, чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь. Залы размяшчаюцца паводле храналогіі ваенных дзеянняў, аднак  іх  аб’ядноўвае адна вялікая зала пад назвай “Дарога вайны”.

Давайце і мы пройдзем музейнымі ваеннымі дарогамі. Давайце разам падарожнічаць па ваенных музеях Бацькаўшчыны.

Канстанцін КАРНЯЛЮК



Теги: