На Дзятлаўшчыне адбыўся раённы семінар-практыкум па народных рамёствах

Культура і адпачынак Свежыя навіны

Сакрэтамі, як спазнаць душу народа, спыніць час і ўкласці прыгажосць у кожны выраб рук чалавечых, падзяліліся ўдзельнікі раённага семінара-практыкуму «Развіццё традыцыйных рамёстваў ва ўстановах культуры клубнага тыпу».

На адкрыцці семінара дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская падкрэсліла:

– Непарыўная сувязь паміж традыцыйнымі народнымі рамёствамі і прыкладным мастацтвам існуе на працягу многіх стагоддзяў. Народная культурная спадчына – галоўны складнік сённяшняга нацыянальнага мастацкага набытку Беларусі, таму важна не толькі яе зберагаць, але і развіваць, перадаваць новым пакаленням маладых беларусаў. Вельмі важна, што на Дзятлаўшчыне да спадчыны продкаў адносяцца з вялікай любоўю і пашанай.

Актуальнасць гэтых словаў пацвердзілі і выступленні народных майстроў і работнікаў клубных установаў.

Сустракала ўдзельнікаў семінара багатая на цікавыя творчыя знаходкі выстава народных майстроў гарадскога пасёлка Наваельня, прысвечаная Году міру і стварэння.

Нездарма кажуць: калі чалавек таленавіты, ён таленавіты ва ўсім. Жывы доказ гэтых словаў – перасанальная выстава жывапісу і “ганчарная майстэрня” Анатоля Кардаша. Па прафесіі ён юрыст, але з 1989 года займаецца жывапісам. Пейзажы Анатоля Аляксандравіча – сапраўдная крыніца мараў для кожнага вандроўніка і аматара адпачынку на ўлонні прыроды! Вядомы творца сваімі рукамі змайстраваў ганчарнае кола і горн, засвоіў выраб глінянага посуду на падставе тэхналогій ХІХ стагоддзя і на гэтым не спыняецца.

У Дварэцкім доме культуры ўсіх чакала змястоўная экскурсія па этнаграфічнай экспазіцыі “Побытавая культура беларускага селяніна”, якую прадэманстравала загадчыца Людміла Баклушына.

Мясцовы майстар па лозапляценні Сяргей Балыкоў прадставіў багатую выставу сваіх работ з традыцыйнага на Беларусі прыроднага матэрыялу – лазы.

Вялікую цікавасць у гасцей выклікаў расказ пра дзейнасць аматарскага аб’яднання “Перспектыва”, якое працуе на базе дзяржаўнай установы адукацыі  “Дзятлаўскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” пад кіраўніцтвам Роберта Асіпука, а таксама выстава выцінанкі Алены Турчэнік.

Кіраўнік аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Валянціна Гнаінская, майстар ткацтва паясоў, расказала пра традыцыі ткацтва, разнавіднасці ткацкіх вырабаў. Вялікай папулярнасцю карыстаўся ў удзельнікаў семінара майстар-клас па рабоце на калаўродзе ад Марыны Лотыш.

Ларыса Ненартовіч, настаўніца Гезгалаўскай сярэдняй школы, народны майстар, прадэманстравала майстар-клас па пляценні пояса на дошчачках, а таксама пазнаёміла прысутных з відамі  беларускага роспісу.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: