Мост дружбы Кітай – Дзятлава або Адзін дзень кітайскага падлетка ў беларускай школе

Галоўнае Грамадства

Майк прыляцеў у Беларусь, у прыватнасці ў Дзятлава, разам са сваёй мамай Ганнай па яе рабочых справах.

14-гадовы школьнік з Кітая ў нашым мястэчку не першы раз, але толькі цяпер яму ўдалося наведаць сярэднюю школу № 3 горада Дзятлава і займець сяброў за адзін дзень!

– Мы пазнаёміліся з Майкам дзякуючы майму тату, які па сваёй прафесійнай дзейнасці супрацоўнічае з мамай Майка, – расказвае васьмікласнік Жэня Голуб. – Тата прапанаваў мне падтрымліваць стасункі з аднагодкам з Кітая з дапамогай мабільнай камунікацыйнай сістэмы для перадачы тэкставых і галасавых паведамленняў WeChat – у цікавым месенджары, дзе я пішу на рускай мове, а Майк мне на кітайскай, але паведамленні мы атрымліваем кожны на сваёй.

Стасункі анлайн на працягу двух гадоў перараслі ў сапраўднае сяброўства паміж хлопчыкамі, а летам Майк з мамай і сям’ёй Жэні адправіліся ў невялікае падарожжа па Беларусі. Дагледжаныя палі, бязмежныя ландшафты, найпрыгажэйшая прырода, чысціня вакол, помнікі гісторыі, архітэктуры і культуры – усё гэта зрабіла незабыўнае ўражанне на Майка. Асабліва яму спадабаўся парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула”, дзякуючы наведванню якога кітайскі школьнік дакрануўся да гісторыі і культуры беларускага народа.

Але як і любога падлетка, Майка цікавілі яго беларускія аднагодкі: чым яны жывуць, у якой школе вучацца, якія прадметы вывучаюць, чым займаюцца ў вольны ад вучобы час. З дазволу дырэктара яму выпала ўнікальная магчымасць стаць на 1 дзень навучэнцам 8 “Б” класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава і наведаць усе ўрокі па раскладзе. Біялогія, англійская мова, інфарматыка – гэта і многае іншае чакала падлетка. На ўроку фізічнай культуры і здароўя Майк пагуляў з хлопцамі ў футбол і здаў нарматывы на выдатна. Нядзіўна, бо яго любімы прадмет у школе, як і ў хлопчыкаў 8 “Б” класа, таксама фізкультура.

А больш за ўсё Майку запомніліся ў нашай школе прасторныя класы і калідоры, прыгожа апранутыя вучні і, вядома ж, абед. Наварысты боршч, запечаную рыбу з бульбяным пюрэ, курыную катлету, вітамінную салату і кісель прынёс повар і з цікавасцю назіраў за рэакцыяй нашага кітайскага сябра. “Смачна! Вельмі смачна”, – такая была ацэнка Майка. Вось ён, хто па-сапраўднаму ацаніў новы пілотны праект па харчаванні ў беларускіх школах!

Наступнай па раскладзе – класная гадзіна ў форме адкрытага дыялога пра дружбу. У ходзе гутаркі нашы навучэнцы пазнаёміліся з кітайскім школьнікам бліжэй, расказалі яму аб сістэме адукацыі Беларусі і пагутарылі ў нефармальнай абстаноўцы. Дзякуючы маме Майка Ганне, якая дасканала  валодае рускай мовай і выступіла перакладчыкам, дзятлаўскім школьнікам удалося пабрабязна даведацца пра школьнае жыццё кітайскага аднагодка. Дзеці былі здзіўлены, што ў класе Майка вучацца 54 чалавекі, паралель 8-ых класаў складае 26 класаў-камплектаў, што фарміруецца рэйтынг паспяховасці ў класе, дзякуючы якому можна “займець” месца на бліжэйшых да настаўніка партах. Дарэчы, наш кітайскі сябар вельмі дысцыплінаваны ў вучобе і займае 7-8 месца ў рэйтынгу паспяховасці класа. У кітайскіх школах у сярэднім 8 урокаў у дзень, перапынкі доўжацца 10-15 хвілін, школьныя прадметы такія ж, як і ў Беларусі, а вось сістэма ацэньвання адлюстроўваецца ў балах, якія могуць выходзіць за межы 100, канікулы часцей, экзаменацыйная кампанія такая ж сур’ёзная і шматгранная, маецца таксама школьная форма, якая, дарэчы, у кожным класе адрозніваецца. Атрымалі відэапрывітанне ад аднакласнікаў Майка і запісалі сваё.

Даўно скончыліся часовыя рамкі класнай гадзіны, але дзеці не спяшаліся дадому, абменьваліся кантактамі, спрабавалі наладзіць дыялог на англійскай мове, фатаграфаваліся, абдымаліся, тым самым дэманструючы адкрытасць і прыязнасць.

З замілаваннем назіраючы за ўсім, што адбывалася збоку, злавіла сябе на думцы, што няведанне мовы адзін аднаго зусім не з’яўляецца перашкодай для дружбы, наладжвання кантактаў. Пераглядаючы фотаздымкі з Майкам, успамінаю яго ўсмешку, словы пра тое, што яму вельмі спадабаліся беларусы – добрыя і адкрытыя. Ганаруся сваімі вучнямі, якія так хутка змаглі выклікаць прыхільнасць гэтага хлопчыка да сябе. Ганаруся сваімі землякамі – гасціннымі і прыязнымі. Ганаруся сваёй чыстай, светлай, мірнай і свабоднай краінай – роднай Беларуссю, якая заўсёды адкрыта для тых, хто прыязджае сюды з мірам і дабром!

Святлана УРБАН,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: