ГрадусПлюс. Хто “абакраў” ветэранаў?

Важнае Грамадства

У маі гэтага года ў аграгарадку Гезгалы прайшло свята, прысвечанае 78-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

З нагоды гэтай падзеі і ў гонар ветэранаў войскаў стратэгічнага прызначэння была закладзена алея Памяці.

Пасадзіць маладзенькія туі гезгальцы выйшлі цэлымі сем’ямі, да іх далучыліся ваенны камісар Дзятлаўскага раёна, прадстаўнікі мясцовай улады, афіцэры запасу, ветэраны ракетных войскаў, якія з’ехаліся сюды з усяе Беларусі і Расіі. Агульнымі намаганнямі ў аграгарадку высадзілі 30 дэкаратыўных дрэўцаў, якія набылі за грошы, сабраныя добраахвотнікамі.

Усё лета мясцовыя жыхары беражліва даглядалі саджанцы, дастаўлялі з кватэр ваду, палівалі, абнеслі сеткай, каб засцерагчы ад жывёл. У адказ на клопат туі добра прыняліся, адужэлі і сталі радаваць усіх сваім ростам.

Пакуль напярэдадні мінулых выхадных не здарылася бяда. Гезгалаўскія камунальнікі выконвалі паблізу чарговыя работы і заўважылі, што значная частка маладых дрэўцаў на алеі пашкоджана, паведамілі аб гэтым суседзям, разам з якімі садзілі яе. Пры падрабязным разглядзе аказалася, што 4 дрэвы вырваны з коранем, 5 – пераламаныя. Прычым, вандалы здзейснілі сваё злачынства не на той частцы алеі, якая добра бачная з вокнаў, а за тарцом дома, дзе было складаней заўважыць іх подлы ўчынак.

Ветэран ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння Мікалай Дзісь, які выступіў адным з ініцыятараў закладкі алеі Памяці, расказаў аб далейшым разгортванні сітуацыі:

– Быў у Дзятлаве, звярнуўся ў пракуратуру і райаддзел міліцыі, напісаў заяву аб здарэнні. Разам з участковым мы абследавалі месца злачынства, склалі пратакол, зламыснікаў шукаюць. Паламаныя дрэвы праз некаторы час павінны ачуняць, вырваныя з коранем давядзецца зноў насаджваць. Спадзяюся, вандалы будуць выяўлены і пакараны, бо тыя, хто гэта зрабіў, не проста прынеслі шкоду пасёлку, а замахнуліся на сімвалы народнай памяці. Меры прымаць трэба, бо калі такі ўчынак застанецца беспакараным, на гэтым вандалы могуць не спыніцца.

Разам з Мікалаем Іванавічам яшчэ раз агледзелі сляды здарэння, не пакідала думка, што, калі б туі хацелі проста ўкрасці для перасадкі, выкапалі б або вырвалі пры корані. Карціна ж наадварот нагадвае наўмыснае хуліганства з мэтай проста нашкодзіць. І тут задаюся пытаннем, сугучным з меркаваннем многіх жыхароў аграгарадка Гезгалы: у каго рука паднялася на такое дзікунства і як яму спіцца пасля здзейсненага?

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga