Дрэвы – для роднага горада

Важнае Грамадства

28 кастрычніка ў межах Года міру і стварэння Дзятлаўшчына далучылася да акцыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя “Мірная стваральная праца на карысць чыстай і зялёнай краіны”.
Прадстаўнікі райвыканкама, Дзятлаўскага РУП ЖКГ, раённых аб’яднання прафсаюзаў, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прынялі ўдзел у азеляненні горада Дзятлава.

Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік адзначыў, што кіраўніцтва раёна заўжды актыўна далучаеца да стваральных ініцыятываў разам з іншымі калектывамі.

– Няма лепшага спосабу паказаць сваю любоў да роднага краю, як стваральная праца, – адзначыў Дзмітрый Расціслававіч. – Разам з калегамі ўдзельнічаем у суботніках, “Тыдні лесу”, аказваем дапамогу сельгаспрадпрыемствам ва ўборцы ўраджаю, сённяшняя акцыя не выключэнне. Пасадка дрэваў – гэта ўклад у будучыню, добрая справа для сучаснікаў і нашчадкаў.

Агульнымі намаганнямі былі абноўлены і закладзены новыя алеі, кветнікі і дэкаратыўныя кампазіцыі ў мікрараёне вуліцы Навагрудскай, гарадскім скверы па вуліцы Міцкевіча, у цэнтры горада.

 

– Акцыя па па пасадцы дрэваў пачалася раніцай: мы ўжо высадзілі на вуліцы Навагрудскай 20 бяроз, аднавілі папярэднюю пасадку, уздоўж возера – 10 вербаў і 10 кустоў бэзу. Цяпер высаджваем дэкаратыўныя кустарнікі і кветкі каля знака “Я люблю Дзятлава” – гартэнзіі, лапчатку, магноліі, фарзіцыі, пузыраплоднік, барбарыс і іншыя культуры, якія будуць радаваць дзятлаўчан сваёй прыгажосцю, – расказаў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк.

Работніцы камунальнай гаспадаркі Таццяна Лагун і Вераніка Радзюк расказалі пра свой удзел у акцыі:

– У такім мерапрыемстве мы ўдзельнічаем упершыню, раней былі разам з калегамі толькі на суботніках па навядзенні парадку. Вельмі хвалююча і прыемна, што нашымі стараннямі родны горад стане яшчэ прыгажэйшым. Працуем разам з больш вопытнымі калегамі, прыслухоўваемся да іх парадаў па пасадцы. Думаем, што ўсё атрымаецца выдатна.

Пасадачны матэрыял быў закуплены Дзятлаўскім РУП ЖКГ за сродкі кампенсацыйных выплат ад выдалення старых дрэваў. Акрамя таго, на працягу месячніка па азеляненні дрэвы і кусты на сваіх тэрыторыях і ў населеных пунктах высадзілі ўсе ўстановы адукацыі раёна, а таксама калектывы Дварэцкага льнозавода, ДЭУ-56 і сем’і горада Дзятлава разам з раённай арганізацыяй ГА “БРСМ”. Фінальным акцэнтам стане бярозавая алея на гарадскім пляжы райцэнтра.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga