Па тэме з аналітыкай. Сярэбраны ўзрост дастойны павагі і клопату

Важнае Грамадства

Тэма. Каб старасць была ў радасць, хто павінен падтрымліваць пажылых людзей – дзеці ці дзяржава?

Факт

Напярэдадні Дня пажылых людзей у нашай краіне праходзіць акцыя “Павага. Клопат. Адказнасць”. Было дарэчы задацца пытаннем, хто менавіта павінен іх праяўляць? Безумоўна, Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава, і для людзей пенсійнага ўзросту ў нас робіцца нямала. Аднак і дарослыя дзеці за мітуснёй будняў не павінны забывацца пра сваіх пажылых бацькоў, часцей ім тэлефанаваць, наведваць, падтрымліваць у складаныя моманты жыцця.

Слова спецыяліста

Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава:

– У любой сям’і рана ці позна надыходзіць час, калі састарэлыя бацькі патрабуюць пастаяннага догляду, і гэта з’яўляецца абавязкам іх паўналетніх працаздольных дзяцей. Нам больш звыкла, што  бацькі абавязаны ўтрымліваць сваіх непаўналетніх або дарослых непрацаздольных дзяцей, аднак заканадаўства замацоўвае і супрацьлеглую норму: паўналетнія працаздольныя дзеці павінны ўтрымліваць непрацаздольных бацькоў, якія маюць патрэбу ў дапамозе, што на заканадаўчым узроўні замацавана ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і.

Нярэдка ўзнікаюць сітуацыі, калі бацькі ўжо на пенсіі, а яе памеру не хапае на самае неабходнае: лекі, медыцынскія працэдуры, прадукты харчавання і іншае. Тады асабліва актуальнай становіцца грашовая падтрымка ад дзяцей, калі не добраахвотная, то праз спагнанне аліментаў. Нормы заканадаўства, якія рэгулююць такія сітуацыі, прапісаны ў артыкулах 100-103 Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб шлюбе і сям’і”.

Аднак, акрамя заканадаўчай адказнасці, ёсць маральная. У беларускім грамадстве склалася так, што ўсё лепшае мы аддаём дзецям, чакаючы, што менавіта яны – наша будучыня, а пра тых, хто дае жыццё, на жаль, нярэдка забываем. Не задумваемся, што старасць – таксама наша будучыня. Калі ў маладосці мы не знаходзім часу для догляду састарэлых блізкіх людзей, будзе справядліва самім рыхтавацца да таго ж. Клопат аб пажылых людзях – няпростая, вельмі адказная справа, якая па-рознаму наладжана ў кожнай сям’і, але важна любіць і шанаваць сваіх бацькоў, якімі б яны ни былі, зрабіць усё магчымае, каб забяспечыць ім належны клопат.

Даведка

Асноўны дакумент, які рэгулюе сацыяльныя правы пажылога чалавека – Закон Рэспублікі Беларусь “Аб сацыяльным абслугоўванні”. Сфарміравана і развіваецца сетка ўстановаў сацабслугоўвання, працуюць аб’яднанні па інтарэсах. Для забеспячэння бяспечных умоваў жыцця аказваецца дадатковая падтрымка ў выглядзе рамонту жылых памяшканняў, пячэй, электраправодкі, газавага абсталявання, устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

Пажылыя людзі, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, могуць атрымаць матэрыяльную дапамогу ў рамках сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі (штомесячная, аднаразовая, сацыяльная дапамога для кампенсацыі затрат на набыццё прадметаў гігіены) і з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Для аказання пажылым людзям дапамогі ў побыце, падтрымання іх самастойнай жыццядзейнасці тэрытарыяльнымі цэнтрамі аказваюцца сацыяльныя паслугі дома: дастаўка прадуктаў, тавараў першай неабходнасці, дапамога па ўборцы, прыгатаванні ежы, выкананні санітарна-гігіенічных працэдур, аплаце камунальных паслугаў, іншыя. Для адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў укараняюцца новыя формы сацыяльнага абслугоўвання: замяшчальная сям’я, служба сядзелак, аддзяленні кругласутачнага знаходжання і гэтак далей. Важным кірункам падтрымкі з’яўляецца арганізацыя санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення, даступны і ўсе віды медыцынскай дапамогі, функцыянуюць бальніцы сястрынскага догляду, у Беларусі асобы пажылога ўзросту штогод праходзяць медыцынскі агляд, актыўна развіваецца герыятрычная служба.

Законна

Варта ведаць, што працоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь не ўтрымлівае якіх-небудзь абмежаванняў для асобаў пажылога ўзросту.

Выснова

У нашай дзяржаве забяспечана абарона правоў і інтарэсаў, бяспечных умоваў жыцця пажылых людзей.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga