Высакародная прафесія – высакародны ўзрост

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Зноў восень залоціць краявіды шчодрым сонцам, яркай жаўцізной садоў і лясоў, лісточкі злятаюць не толькі з дрэваў, але і з календара, прыспешваючы ўрачыстыя даты – Дзень мудрых людзей і Дзень настаўніка.

Менавіта набліжэнне гэтых святаў стала нагодай для традыцыйнай сустрэчы ветэранаў педагагічнай працы раёна, што ладзілася ў актавай зале гімназіі №1 горада Дзятлава, навучэнцы і калектыў якой падрыхтавалі для шаноўных гасцей шчырыя творчыя віншаванні.

Урачыстасць стала 13-й па ліку і па-ранейшаму праходзіла з ініцыятывы раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і галіновага савета ветэранаў працы пры падтрымцы ўдзячных вучняў.

Прысутных павітала старшыня ветэранскай арганізацыі Раіса Ганчарэвіч, пажадала, каб свята пакінула найлепшыя ўспаміны, пазітыўны настрой, падоўжыла жыццё.

Самымі важнымі людзьмі, віншуючы, назваў педагогаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, і адзначыў, што менавіта яны закладваюць тыя асновы, якія ў далейшым вызначаюць усё будучае жыццё чалавека. Ён уручыў Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў Івану Максімчыку, Мікалаю Пуйту, Любові Гранкоўскай, Падзячныя лісты старшыні райвыканкама – Ганне Скрундзь, Людміле Лапата, Надзеі Варабей, Людміле Саванец.

Эстафету віншаванняў пераняла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Яна шчыра падзякавала педагогам-ветэранам за ўсё найлепшае, што ў нас ёсць, і за ўласнае прафесійнае станаўленне, уручыла грамату аддзела адукацыі Але Ненартовіч.

Папоўніў “паштоўку” лепшых пажаданняў для педагогаў сярэбранага ўзросту старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар. Ад раённай ветэранскай арганізацыі граматамі ён узнагародзіў Святлану Стэцкую, Раісу Сокал, Лілію Баравік, за шматгадовую выніковую работу ў актыве галіновага савета ветэранаў – Яўгенію Савань, якая адзначана і нагрудным знакам “Ганаровы ветэран”.

Памятным падарункам ушанавана Раіса Ганчарэвіч.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка, адрасуючы віншаванні, анансавала, што 26 верасня ў чарговым нумары “Настаўніцкай газеты” надрукаваны артыкул “Залаты ўзрост. Любімы вучань – любімаму настаўніку” аб дзейнасці галіновай ветэранскай арганізацыі, пра якую журналістам расказала Раіса Ганчарэвіч. Ад абласнога абкама прафсаюзаў Алена Іванаўна ўручыла Раісе Аляксандраўне значок “Ганаровы ветэран”.

 

Выконваючая абавязкі старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Юранкова падзякавала педагогам мудрага ўзросту за іх актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і патрыятычнае выхаванне моладзі, а таксама адзначыла граматай аб’яднання Ірыну Бараноўскую.

Прыемнай часткай праграмы стала ўжо традыцыйная хвілінка перадачы адрасных падарункаў настаўнікам ад іх удзячных вучняў і ўшанаванне 60-і, 70-і, 80-і, 90-гадовых юбіляраў, якія сёлета атрымалі сертыфікаты на наведванне магазіна “Джэм”. Удзельнікі свята з задавальненнем паўдзельнічалі ў бліц-апытанні. Яркія “музычныя паштоўкі” прагучалі ад Ганны Харлінскай, Ірыны Бакшук, Алены Абрамчык, Святланы Андрунінай, гімназістаў. У творчы працэс уключыліся і самі педагогі-пенсіянеры, песні і вершы падрыхтавалі Ірына Дарафейчык, Марфа Сербін, Марыя Віннік, Валянціна Кушаль, Лідзія Нічыпар.

За магчымасць зрабіць сустрэчу прыемнай і запамінальнай арганізатары свята падзякавалі спонсарам: Валерыю Зыкіну, Тамары Марчанка, Мікалаю Шалевічу, Вользе Кашко, Жанне Каліноўскай, Святлане Кругловай, Людміле Маркушэўскай, Вользе Якшэвіч.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: